"З глыбiнi сiвых вякоу"

Пад такой назвай 7 ліпеня 2022 года ў выставачнай зале Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра адкрылася выстава твораў майстроў народнага аматарскага аб’яднання “Скарбніца” Горацкага раённага Дома рамёстваў, запланаваная ў рамках мерапрыемстваў Года гістарычнай памяці. Мерапрыемства адбылося як раз перад паказам прым’ернага спектакля “Прымакі” па п’есе народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Дарэчы, пастаноўка была прымеркавана да 140-гадовага юбілея беларускага песняра.
На выставе прадстаўлены разнастайныя саламяныя вырабы майстроў творчага аб’яднання – лялькі, кошыкі, скарбонкі, капялюшы, вазы з кветкамі, казачныя персанажы і іншыя цікавыя кампазіцыі.
На адкрыцці выставы прысутныя, сярод якіх былі навучэнцы мастацкага аддзялення Магілёўскага дзяржаўнага калледжа мастацтваў (спецыялізацыі саломапляцення), мелі ўнікальную магчымасць не толькі падзівіцца на цуд саламяны, але ж і даведацца пра нейкія сакрэты майстэрства ад слынных майстроў “Скарбніцы”.
Таксама ў адрас творчага калектыва прагучалі словы падзякі і віншаванні ад упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама, Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы, Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. За значны ўклад у захаванне і памнажэнне беларускай нацыянальнай культуры і традыцыйных рамёстваў і ў сувязі з 25-годдзем з дня заснавання народнае аматарскае аб’яднання “Скарбніца” узнагароджана Ганаровай граматай упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама.
Віншавальны адрас ад Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы ўручыла народны майстар, старшыня Саюза майстроў народнай творчасці Магілёўскай вобласці Наталля Вітольдаўна Дамянікава.
Выстава “З глыбіні сівых часоў” прадоўжыцца да канца ліпеня. Спяшайцеся на сустрэчу з народным традыцыйным рамяством Беларусі.

Фота Васіля Цітова