“Інтэнсіў”-тэатр у Магілёве

Магілёўскі абласны драматычны тэатр, як і многія творчыя калектывы, перажывае цяпер не лепшыя часы: ХV Міжнародны маладзёжны тэатральны форум “М.аrt.кантакт” адменены, не адбыліся запланаваныя гастролі РТБД, прэм’ера лірычнай камедыі “Прыйшоў мужчына да жанчыны” перанесена з канца красавіка на сярэдзіну мая, доўгачаканы выпуск “Пікавай дамы” ў пастаноўцы Ігара Казакова — ажно на кастрычнік. Да 21 красавіка тэатр знімае ўсе спектаклі і пераходзіць на рэпетыцыйны рэжым. А між тым, літаральна напярэдадні афіша запярэсціла новымі найменнямі. Цягам усяго аднаго тыдня на мяжы лютага-сакавіка “стартавалі” паказы адразу трох новых спектакляў: “Бог ездзіць на веласіпедзе”, “Акадэмія смеха” і “Без пудры”. А яшчэ праз некалькі дзён прайшла выстаўка “За люстэркам сцэны”, дзе свае работы, вырабленыя “для душы”, у якасці хобі, прадставілі супрацоўнікі тэатра.

Бог ездзіць на веласіпедзе

Дадам, што монаспектакль “Без пудры” — гэта аўтарскі праект Кацярыны Аверкавай, падрыхтаваны як “урачыстая кантата” да юбілею актрысы Галіны Лабанок. А дзве астатнія нядаўнія прэм’еры ажыццёўлены зусім маладымі рэжысёрамі: “Акадэмію смеха” ў Малой зале паставіў Андрэй Каралевіч, а “Бог ездзіць на веласіпедзе” на вялікай сцэне — Паліна Дабравольская. У абодвух за плячыма — паспяховая акцёрская кар’ера: у Андрэя — у кіно, у Паліны — у тэатры “Тэрыторыя мюзікла”. Да згаданых імёнаў дададзім прынятую ў штат Камілю Хусаінаву, якая паставіла тут ужо два спектаклі — “Жоўты пясочак” і “Лілічку”, а таксама Уланмырзу Карыпбаева, які ўвасобіў “Апошніх сведкаў”. І тое, што калектыў так актыўна запрашае творчую моладзь і дае добрую магчымасць рэалізаваць свае рэжысёрскія здольнасці, дадаткова сведчыць, што гэтая лінія развіцця Магілёўскага тэатра зусім не выпадковая.

Павагу выклікае і рэпертуарная палітыка. Бо сярод пералічаных найменняў — найперш сучасная драматургія. Гэта і п’еса невядомага ў Беларусі, але прызнанага ў свеце японскага камедыёграфа Кокі Мітані, і маладая расійская драматургія, і звароты да гістарычнай постаці Лілі Брык — музы рускага авангарда, да вострасацыяльнай кнігі Святланы Алексіевіч. Ніводны са згаданых спектакляў не трапіў у праграму фестывалю, які не адбыўся (дарэчы, яшчэ і таму, што ўсё гэта — самыя свежыя творчыя працы). Але іх збег нагадаў штосьці накшталт своеасаблівага агляду маладых парасткаў, узрошчаных не толькі педагогамі Беларусі і Расіі, але і самім тэатрам, што прадаставіў свае пляцоўкі і лепшых артыстаў, гатовых да эксперыментаў.

Спектакль “Бог ездзіць на веласіпедзе” прыцягвае ўвагу яшчэ і тым, што гэта даволі рэдкі на сёння прыклад звароту да тэм, якія хвалююць падлеткаў. Дарэчы, дырэктар калектыву Андрэй Новікаў з самага пачатку паставіў перад рэжысёрам менавіта такую задачу : зрабіць спектакль для самых, па цяперашніх часах, “абдзеленых” у тэатральным мастацтве — не проста для моладзі, схільнай да авангарда, а для тых, каму няма пакуль 16 гадоў. У сваю чаргу, Паліна Дабравольская прапанавала п’есу маладых расійскіх аўтараў Ірыны Васьковскай і Дар’і Уткінай, галоўным дзеючым асобам якой — па 14 гадоў. Яшчэ адна асаблівасць абранага драматургічнага матэрыялу ў тым, што дзеянне засяроджваецца не на школе з яе супрацьстаўленнем “настаўнік — вучань” (усё ж гэты паварот больш распрацаваны ў мастацтве — найперш у кіно), а на няпростых стасунках школьнікаў паміж сабой і з бацькамі. Узроставы цэнз пазначаны 12+. І гэты спектакль, хоць і ўвайшоў адразу ў тэатральны праект “Урокі эстэтыкі”, усё ж у большай ступені прызначаны, на маю думку, для сямейнага прагляду падлеткаў з бацькамі: ім будзе што абмеркаваць пасля такога культпаходу.

На гэта скіравана не адно п’еса, але і яе пастаноўка. І што бадай самае важнае — такое абмеркаванне апрыёры не будзе гульнёй у адны вароты, калі дарослыя схільны “павучаць” падлеткаў, што і як трэба рабіць, каб гэта было правільна. Наадварот, першае слова тут будзе за юнымі гледачамі, якім часцей за ўсё давядзецца многае з убачанага патлумачыць сваім бацькам, нават дзесьці пераказаць сюжэт. Бо падлеткі, нават без багатага культурнага мінулага, больш “прасунутыя” ў сучасных сродках выразнасці. А недахоп тэатральнага вопыту толькі дапаможа ім успрымаць відовішча з чыстага ліста, не клапоцячыся пра тое, што там штосьці не так, як павінна быць “па правілах”.

Рэжысёр добра “пераарала” п’есу, скараціла некаторыя паўторы думак, падкрэсліла “мазаічны” разгорт падзей. Выкарыстанне лінейных святлодыёдных свяцілень, мікрафонных стоек, ля якіх з’яўляюцца чэргі жадаючых вымавіць абрыўкі фраз — усё пабудавана так, быццам мы бачым не рэальныя падзеі (менавіта на іх паслядоўны паказ звычайна разлічвае старэйшае пакаленне), а тое, што адбываецца ў галаве Кірыла (Вадзім Арціменя), якога Маці і Бацька (Яўгенія Белацаркоўская, Уладзімір Пятровіч) прыводзяць да Псіхолага (Даніла Самкнулаў). Свой “фантом” ёсць і ў п’есе — загінуўшы старэйшы Брат Наташы (Андрэй Корзан). Але спектакль зроблены так, што на пэўным этапе і саму Наташу (Анжаліка Барчан) пачынаеш успрымаць як “фантомны прывід” галоўнага героя. Таму разважаць давядзецца не адно пра тое, як пачуваюць сябе сучасныя падлеткі і што іх хвалюе, але і пра самі тэатральныя сродкі, якімі гэта ўвасабляецца.

Пачынаецца спектакль, калі не ведаць п’есу, зусім незразумела. Але ж так прыцягальна ды інтрыгуюча, як і трэба далучаць да мастацтва тынэйджараў. А завяршаецца выхадам на сусветныя прасторы: разважаючы пра жыццёвы шлях, героі паціху адступаюць назад — і знікаюць у выяве, што нагадвае планету ў атачэнні космасу.

Яшчэ адным доказам на карысць таго, што спектакль прызначаны для прагляду не столькі з аднакласнікамі, колькі з бацькамі, з’яўляецца галоўны канфлікт — паміж не пакаленнямі, а рознымі прадстаўнікамі моладзі. Больш за тое, ёсць у спектаклі і момант, што яднае тыпы мыслення бацькоў і дзяцей. Падлеткі схільныя да максімалізму, падзелу свету на чорнае і белае. У многіх дарослых гэта рыса прысутнічае таксама — і выяўляецца найперш у адносінах да дзяцей, якім прапаноўваецца пэўны варыянт паводзінаў — і ніякі іншы. Таму некаторая спрошчанасць п’есы і спектакля ў абмалёўцы моладзі, прадстаўнікі якой падзелены на два бескампрамісныя лагеры, становіцца бы гэткім класіцысцкім імпульсам да адзіна правільнага выбару, з якім пагодзяцца ўсе. Нягледзячы на пазнавальнасць сітуацый, у жыцці насамрэч — усё складаней.

Тую складанасць Паліна Дабравольская адлюстроўвала ў сваім ранейшым спектаклі — “Комната памірае” ў Оk16. А яшчэ яна рэжысіравала шматлікія чыткі п’ес і ўжо тады прыцягнула да сябе ўвагу ўменнем “дакапацца” да сутнасці самага “закручанага” тэксту, адшукаць у ім вызначальны стрыжань і перадаць усё знойдзенае праз артыстаў. Магчыма, у Магілёве на ўсё гэта было адведзена надта мала часу, бо апошні пункт здзейсніўся хіба часткова. У лепшы бок вылучаюцца акцёры, якія працавалі з былым мастацкім кіраўніком тэатра Саўсюсам Варнасам — найперш Анжаліка Барчан і Уладзімір Пятровіч. Але рэжысёр знаходзіць “апраўданне” неспрактыкаванай моладзі: іх тэатральная “вампука” толькі дадае парадыйных фарбаў у абмалёўку аднакласнікаў. Што ж, пакуль у спектакля і ўсяго тэатра ёсць вымушаны “антракт”, у час якога артысты могуць лепей асэнсаваць зробленае і, пачаўшы з сябе, пазбавіцца некаторых хібаў.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Газета "Культура", № 15 (1454) 11.04.2020