Кацярына Аверкава. У рэжыме самазахавання

Рэжысёр Кацярына Аверкава, здаецца, уласным прыкладам разбурае ўсе ўсталяваныя погляды на маладую рэжысуру. Яе выніковасці можна толькі пазайздросціць. Паставіла дваццаць спектакляў у Беларусі і за яе межамі. Два гады працавала галоўным рэжысёрам Магілёўскага тэатра. Удзельнічала ў міжнародных тэатральных фестывалях і перамагала на іх. Нарэшце, у Магілёўскім абласным драматычным тэатры паставіла спектакль «Аднакласнікі» па п’есе Юліі Чарняўскай, які стаў лаўрэатам ІІ Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў намінацыі «Лепшая пастаноўка па творы сучаснага беларускага аўтара».
________________________________________________________

Віншую з перамогай у адной з самых важных намінацый Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Дарэчы, у выпадку з «Аднакласнікамі» члены журы прагаласавалі за маладосць, і гэта вельмі сімптаматычна. У нашай тэатральнай супольнасці, дзе ўзнагароды для многіх з’яўляюцца пацвярджэннем прафесійнага статуса, маладым не заўсёды дастаюцца лаўры. Вось і атрымліваецца: калі перамагаюць маладыя — гэта па заслугах. Табе так не здаецца?

— (Усміхаючыся.) Бывае па-рознаму. Летась я сама працавала ў журы і вельмі хвалявалася — хто ж стане пераможцам? Сёлета падчас паказу захварэла, таму анічога не бачыла. Прыйшла на заключную цырымонію і ўвогуле не думала пра тое, атрымаю я ўзнагароду ці не.

І што, табе ніхто не намякнуў: маўляў, рыхтуйся?

— Калі па шчырасці, адчувала — магчыма, мы штосьці атрымаем, ва ўсякім разе Юлія Чарняўская. Я вельмі гэтага хацела. Яшчэ апраўдаліся мае спадзяванні наконт Алены Крыванос.

Падзеі ў тваім прафесійным жыцці проста захлістваюць. І гэта нехарактэрны для маладых рэжысёраў расклад. На фоне тэатральнага пейзажу астатнія выглядаюць больш панура. Хтосьці проста ціха і незаўважна сыходзіць з прафесіі, хтосьці ставіць адзін спектакль у некалькі гадоў, але ж таксама ціха і незаўважна. Чаму ў цябе атрымліваецца, а ў іншых не?

— Мабыць, гэта не надта проста, але імкнуся жыць так, як падабаецца. Важна ніколі сабе не хлусіць. Я толькі адзін раз зрабіла спектакль па п’есе, якую прынеслі і сказалі: «Працуй». Але пры гэтым мне не спадабаліся мае адчуванні. Усё ж галоўнае ўпадабаць матэрыял, улюбіцца ў акцёраў, быць сумленнай і шчырай перад сабой — і тады, калі чагосьці прагнуць, усё атрымліваецца.

Вопыт працы галоўным рэжысёрам у Магілёўскім тэатры быў для цябе горкім або салодкім?

— Салодкім. Цяжкім, але салодкім. Іншая справа, што зараз дакладна ўсведамляю: займацца гэтым не хачу. Сышла з тэатра па сямейных абставінах, а калі вярнулася ў Мінск, высветлілася, што абрасла чуткамі. І мяне гэта вельмі здзівіла. Нехта казаў, быццам мяне выгналі, зжылі; нехта падбадзёрваў — маўляў, правільна зрабіла, што сышла. Вось хачу агучыць: ні першае ні другое не адпавядае рэчаіснасці. Вельмі хацелася б, каб гэтых чутак не было. Я пакінула тэатр з асабістых прычын, у мяне засталіся цудоўныя адносіны з калектывам, існуюць планы на далейшае супрацоўніцтва. Атрымала каласальны вопыт кіраўніцтва і арганізацыйнай працы. У мяне была магчымасць ставіць спектаклі, зрабіць свой праект на малой сцэне і адкрыць студыю. За ўсё гэта вельмі ўдзячная Магілёўскаму тэатру. Пачынаць усё па той самай схеме ў новым калектыве мне не хочацца. Звычайна калі рэжысёр прыходзіць у тэатр, там ужо ёсць згуртаваная, ды зусім не аднашэрсная трупа, якая не жыве агульнымі інтарэсамі. Незалежна ад свайго ўзросту новы рэжысёр мусіць з’яднаць яе і павесці за сабой. Пры гэтым у любым выпадку будуць незадаволеныя, узнікне супраціў з таго або іншага боку. Першы досвед кіраўніцтва вялікім тэатрам падказвае мне, што галоўнае ў такім разе — заставацца чалавекам, быць прафесійна сумленным у адносінах да людзей і да таго, што робіш сам.

Што было самым складаным у прафесійных стасунках, што найбольш прыгнятала?

— Дагэтуль не разумею: навошта абласным тэатрам выязныя спектаклі? Існуе план — у год на выездзе неабходна сыграць 240 спектакляў. 240! Вы можаце гэта ўявіць? Бывае, прыязджаем у клуб і бачым: нікому гэта не патрэбна, на спектакль прыходзяць некалькі чалавек. Але ж мы адрываем акцёраў ад рэпетыцый, потым яны хварэюць, бо ў клубах бывае халодна. Чаму б гэтых нешматлікіх гледачоў не прывезці да нас у тэатр? Падобныя спектаклі ў вёсках былі мэтазгоднымі ў савецкі час, калі тэлевізар мела не кожная сям’я. А цяпер, калі ёсць камп’ютар і інтэрнэт, можна глядзець любыя фільмы, нашы выязныя спектаклі ўвогуле губляюць сэнс. Іх прымушаюць — глядзець, нас — паказваць, і акцёры адчуваюць сябе не вельмі ўтульна. З іншага боку, пры такой колькасці выязных спектакляў бывае складана размяркоўваць сілы, захоўваць прафесійны ўзровень, выхоўваць маладых і пры гэтым яшчэ займацца творчымі пошукамі.

Самы каштоўны прафесійны вопыт, які набыла ў Магілёве?

— Зразумела, як уладкаваны тэатр, ягоная структура, і якім чынам гэта можна трымаць пад кантролем. Пачынаючы з Акадэміі, заўсёды ўсё імкнулася рабіць сама, калі неабходна — сваімі рукамі. Пайсці ў цэх, дапамагчы, калі хтосьці не паспявае ў тэрмін. Кіраўніцтва тэатрам навучыла мяне правільна арганізоўваць працэс. Існуе структура, у якой трэба стаяць наверсе і мець правільныя стасункі з людзьмі, якія, у сваю чаргу, таксама маюць правільныя зносіны са сваімі калегамі. Усё павінна трымацца на прафесійных і чалавечых якасцях. Гэта вельмі важна. Таму што людзі, якія робяць спектаклі, — рэквізітары, мастакі, асвятляльнікі, гукавікі, рабочыя сцэны, ды і самі акцёры, — атрымліваюць мала грошай. У абласных тэатрах проста неймаверна мала. І тут існуюць два варыянты: чалавек, які працуе за мізэрны заробак, — або дурань, або сапраўды любіць сваю справу. Апантаны тэатрам. Калі я зразумела гэта, неабходна было данесці мае думкі да калег. Мы — не дурні, мы любім сваю справу. А калі любім, давайце рабіць яе так, каб падабалася самім. І перастаньце крыўдзіцца. Акцёры вельмі часта зласлівыя. Не толькі ў Магілёве, паўсюль. Яны заўсёды незадаволеныя — занадта доўгімі рэпетыцыямі, тэмпературай на сцэне, прафесійнымі якасцямі рэжысёра, тэкстам, мастаком, касцюмамі. Неверагодная колькасць прэтэнзій. І я спрабавала данесці да іх простую думку: не мае сэнсу быць незадаволенымі. Трэба працаваць і рухацца наперад. Здаецца, штосьці ў мяне атрымалася.

Калі б табе прапанавалі ўзначаліць тэатр у Мінску, ты б пагадзілася?

— Не.

А калі б прапанавалі стварыць новы тэатр?

— Так. Было б цудоўна. Канешне, я пра гэта думаю, але пакуль нешта казаць зарана. Калі ў мяне будзе напісаны праект, складзены бюджэт, я зразумею, да чаго імкнуся, тады з’явіцца падстава сказаць: хачу. А дагэтуль — усё пустыя словы.

Ты вельмі смелы чалавек з выдатным творчым здароўем. Людзей, якія дазваляюць сабе прыслухоўвацца да сваіх творчых жаданняў і схільнасцей, засталося няшмат. Спрабуеш змясціць сябе ў ідэальную для рэжысёра сітуацыю?

— Рэжым самазахавання. Я не магу аўтаматычна выконваць заказы і рабіць тое, на што пойдзе глядач. Менавіта пра гэта найчасцей чую ад калег, але мне здаецца, што пазіцыя: не вельмі падабаецца, ды пастаўлю, — памылковая. Ва ўсім трэба знаходзіць разумны баланс, нават калі працуеш у рэпертуарным тэатры і дзеля плана неабходна паставіць камедыю становішчаў, якая ў прынцыпе не падабаецца як жанр. У такім разе прачытай 300 п’ес, знайдзі тое, што спадабаецца. Толькі не трэба дзеля грошай ісці на кампрамісы. Як толькі пачнеш саступаць абставінам — перастанеш любіць тое, што робіш. А потым пачнеш злавацца, вырастуць амбіцыі. Узнікнуць крыўды, абвінавачанні. Маўляў, я столькі гадоў адпрацаваў у тэатры, мяне не ацанілі, а тут прыйшоў пачатковец і хоча рабіць тое, што падабаецца! Нейкая нацыянальная асаблівасць, звязаная з узаемаадносінамі ў грамадстве — пачуваць сябе ахвярай. Напрыклад: «Я на цябе ўсю маладосць паклала», — кажа маці дачцэ. А я не хачу ніякіх крыўд, бо ведаю, што ўрэшце будуць пакутаваць мае блізкія і людзі, з якімі працую.

Некалі зусім яшчэ малады Валерый Маслюк казаў пра новы ўзровень праўды, неабходны беларускаму тэатру. Мінула шмат гадоў. Як думаеш, актуальная праблема сёння?

— Гэта трэба не толькі нашаму тэатру — усім відам мастацтва. Я не выпадкова распачала праект «Чытанні», з якога вырас спектакль «Аднакласнікі». Мне здаецца, што новага ўзроўню праўды ў нас у большай меры дамагаецца беларуская драматургія, а не беларуская рэжысура. Нездарма п’есы Пражко, Багаслаўскага, Рудкоўскага настолькі папулярныя ў Расіі. А мы ўсё паўтараем: «Які жах, няма спектакляў па сучасных п’есах!» Ды наш тэатр, такі, які ёсць, існуе са сваімі стэрэатыпамі. І калі мы шукаем твор для рэпертуарнага тэатра, дык не зважаем на драматургію, што гэты тэатр мусіць змяніць, а прапануем п’есу, якая перш-наперш задаволіць гледача. На якую ён пойдзе! А што гэта значыць? Гэта значыць, што мы падтрымліваем патрабаванні, сфарміраваныя шмат гадоў таму назад. Я лічу, што такая сітуацыя ў корані няправільная. Сучасны тэатр мусіць грунтавацца на сучасным праўдзівым слове. Новая форма для мяне — актуальнасць. Тэатр — не музей, а жывое мастацтва, якое існуе толькі зараз. На жаль, наша сістэма адукацыі зарыентаваная на нейкія псеўдакласічныя клішэ.

Замест таго каб атрымаць адукацыю і нармальна развівацца, вымушаны займацца самаадукацыяй?

— Напрыклад, бяру сучасную п’есу, новую драму, і разумею, што так, як мяне вучылі, з ёй працаваць нельга. Многія кажуць: «Гэтыя п’есы ставіць немагчыма». Але іх можна ставіць, проста ў нас не ўмеюць гэтага рабіць. Я вучылася пяць гадоў, у мяне ёсць пэўныя навыкі, і вось ад многага мне даводзіцца адмаўляцца, а нечым я карыстаюся. Адбываецца самаачышчэнне. Часам разумею — косны погляд, і неабавязкова трымацца закона, ад якога нібыта нельга адыходзіць. Усё таму, што навучанне ў нас вузкаскіраванае. А для таго каб тэатр стаў сучасным, патрэбны новыя актуальныя тэксты і новыя тэмы. Гэта вельмі важна. Адпаведна: новая драма — новы спосаб пастаноўкі твора.

А што ты скажаш пра спосаб існавання акцёраў на сцэне?

— Ён павінен адпавядаць абранаму рэжысёрам жанру. На жаль, большасць нашых акцёраў па сутнасці заштампаваныя. Маюць свой погляд на тое, як павінны іграць, але ва ўсіх ролях прыкладна аднолькавыя. Як ні крыўдна, пераважна гэта малаадукаваныя людзі: яны амаль нічога не чытаюць, не глядзяць фільмы, не разбіраюцца ў сучаснай архітэктуры, у фатаграфіі, увогуле ў сучасным мастацтве, далёкія ад значных сацыяльных і палітычных падзей у свеце. Маўляў, ты — рэжысёр: скажы, як зрабіць. І не ўлічваюць, што рэжысёр не выходзіць на сцэну. Канешне, ёсць і геніяльныя акцёры, якія хочуць быць адукаванымі і рупяцца пра гэта. Надзвычай інтэлігентныя, пастаянна працуюць над сабой. Напрыклад, моладзь Купалаўскага тэатра.

Мне зразумела тваё жаданне займацца актуальнай драматургіяй, але чаму нашы тэатры выракаюцца яе, не вельмі разумею. Здзіўлена спрэчкамі, што распаліліся вакол «Гаспадара кавярні». Вытрыманая і карэктная па сваім галоўным пасыле п’еса. З пункту гледжання рэжысуры — спроба авалодаць сучаснай сцэнічнай мовай, якая потым атрымлівае развіццё ў «Аднакласніках».

— Пра новую драматургію ў тэатрах часта можна пачуць: «Мы гэта ставіць не будзем. Нам гэта не трэба. Глядач не пойдзе». Я вырашыла праверыць, і так ўзнік праект «Чытанні». Тэксты сучасных беларускіх драматургаў мы чыталі для гледачоў бясплатна. Ім трэба было толькі пазваніць у касу і замовіць запрашальны білет, бо колькасць месцаў была абмежаваная. Пасля 4-5 паказаў свабодныя месцы зніклі, усё больш людзей імкнуліся да нас патрапіць, неўзабаве з’явілася свая публіка. Нам казалі: «Мы такое бачылі ўпершыню, гэта новае і гэта праўда». Праект быў патрэбны гледачам і проста неабходны артыстам, асабліва маладым. Яны вельмі тонка пачалі адчуваць тэатральшчыну, мярцвячыну на сцэне.

Ты заўсёды можаш знайсці акцёраў, якія робяць на падмостках тое, што патрэбна табе?

— Тое, што нам патрэбна! І гэта вельмі важна. Лічу, што рэжысёр не галоўны ў тэатры. Ён кіраўнік, але не цар і не Бог. Мы робім агульную справу. Я прапаную, акцёры спрабуюць. І мы ўвасабляем гэта разам. Калі не атрымліваецца, можна сварыцца, бясконца спрачацца, уступаць у творчыя канфлікты. У працэсе супольнай працы вырастае тэатр.

Але хто ў дадзенай сітуацыі Бог? Напрыклад, драматург кажа: «Мне адкрываюцца каналы. Ад мяне нічога не залежыць. Я запісваю». Ды толькі Бог усё роўна вышэй, аўтар толькі трансліруе. Калі ты ставіш спектаклі, узнікае адчуванне, што цябе хтосьці трапятліва вядзе...

— Думаю, як толькі пачну слухаць «вышэйшыя сілы», гэта будзе азначаць страту розуму ў дадзенай прафесіі. Напрыклад, калі стаўлю спектакль, магу ўначы прачнуцца і зразумець, што мне трэба рабіць у той або іншай сцэне. Некаторыя называюць гэта прасвятленнем. Можна сказаць: «Я ўбачыла сцэну ў сне». І гэта будзе няпраўда. Бо звязана з тым, што я цэлымі суткамі думаю пра работу. Безумоўна, імкнуся запамінаць нейкія жыццёвыя сітуацыі, назіраю, фіксую, а потым убачанае ўсплывае. І тое, што пачынае адбывацца такім нібыта містычным чынам, — толькі напрацоўкі, успаміны, назапашаны матэрыял.

Дарэчы, ад п’есы «Літаркі» засталося складанае ўражанне. Так, яна актуальная, ды зашмат драматычных падзей на адзін квадратны метр тэксту. Не хапае толькі вайны ў Афганістане. У гэтым ёсць пэўная небяспека. Увогуле цікава: калі драматург можа выкарыстоўваць такі моцны прыём, як смерць?

— Цягам дзеі ў п’есе ніхто не памірае. І маці не памерла, яна толькі патрапіла ў бальніцу.

Табе не падалося, што жудасная плынь падзей залішне напружаная? Спаць з трупамі, няхай нават і па-за сцэнай, гэта вельмі крута! Хоць спектакль насамрэч уражвае.

— Не падалося. У гэтай п’есе я бачу такую ж насычаную паралельную плынь дабрыні і цёплых чалавечых узаемаадносін. П’еса пабудаваная на рэальных падзеях, у ёй няма нічога прыдуманага і звышнатуральнага. Адно цягне за сабой іншае. Так атрымліваецца, што большасць жанчын, у якіх дзеці маюць фізічныя або іншыя адхіленні, выхоўваюць іх самі. Мужы іх кідаюць. Дапамогі не хапае, даводзіцца працаваць. Усё гэта ўплывае на псіхічнае самаадчуванне жанчыны і на яе здароўе. Так, у п’есе даволі драматычных сітуацый. Але важна іншае: якая б жыццёвая катастрофа ні надарылася, галоўнае, каб побач быў чалавек. Таму галоўнымі героямі п’есы для мяне з’яўляюцца не Маша і Ілья, а Міця і Марта. Людзі, якія існуюць паасобна.

Хочацца адзначыць выдатны акцёрскі дэбют Валерыя Чабатаева ў ролі Міці. Выконваючы такую складаную ролю, ён не схлусіў ані разу! Вера ў тое, што адбываецца на сцэне, надзвычайная! Проста шкада, што сярод намінацый Нацыянальнай прэміі адсутнічае «Дэбют».

— Калі я запрасіла Валерыя ў тэатральную студыю, ён вучыўся на трэцім курсе каледжа мастацтваў. Сітуацыя там склалася цяжкая, Валеру хацелі адлічыць за паводзіны. У тэатры ён праходзіў практыку, і я паставіла ўмову: вазьму да нас у студыю, калі не прапусціш ніводнага занятку ў вучылішчы, выправіш усе адзнакі і ў цябе будуць цудоўныя паводзіны. Шчыра кажучы, гэта мне здавалася нерэальным, але ж так і сталася. За паўгода ўсё змянілася. Ён — надзвычай таленавіты, абаяльны і вельмі сумленны чалавек. Усё неабходнае акцёру мае. Важна, каб не страціў, а развіваў. «Аднакласнікі» — ягоны дэбют на вялікай сцэне. Ён выдаткоўваўся цалкам, шмат працаваў. Важна было ўсвядоміць: аўтызм — не хвароба. Гэта пэўны псіхафізічны стан чалавека, які дактары дагэтуль растлумачыць не могуць. Мы з ім шмат чыталі, глядзелі дакументальныя матэрыялы. Валерый ездзіў у псіхіятрычную бальніцу, два дні правёў з прататыпам свайго персанажа. Мы не хацелі ўдарыцца ў залішні сентыменталізм і не хацелі, каб гледачам было брыдка глядзець на персанажа. У Валеры атрымалася. Дарэчы, я мела вялікае задавальненне ад гэтай працы.

Якія з пастаўленых спектакляў найбольш важныя для цябе?

— «Кысь», «Аскар і Ружовая дама», «Фядорына гора», «Офіс», «Казка пра згубленае сумленне», «Гаспадар кавярні», «Аднакласнікі». Вельмі карыснай была праца ў Швейцарыі і Германіі. Спектакль «Пясочны чалавек» паводле Гофмана мы паставілі разам з Жэнем Карнягам у Боне. У Швейцарыі я ўпершыню сутыкнулася з вербацімам і дакументальным тэатрам, калі спектакль ствараецца на аснове маналогаў рэальных людзей. Важна было зразумець, дзе ўзнікае падзел паміж жыццём і сцэнай, дзе ёсць уласна тэатр. Гэта зламала ўсе догмы ранейшай адукацыі.

Цяпер ты, як кажуць, знаходзішся ў вольным палёце. Не баішся выпасці з сістэмы?

— Мяне запрашаюць на пастаноўкі, але я пакуль адмаўляюся. Упершыню за сем гадоў з’явілася магчымасць спыніцца, засяродзіцца, падумаць, што я насамрэч хачу, якім тэатрам мушу займацца. Ёсць патрэба ў самаадукацыі. Неабходна не толькі расходавацца, але і папаўняць сябе пастаянна. І я вельмі рада, што гэты перыяд прыйшоў.

Людміла ГРАМЫКА, журнал МАСТАЦТВА
спектакль "Аднакласнікі"

«Аднакласнікі» Юліі Чарняўскай.
Валерый Чабатаеў (Міця), Наталля Калакустава (Маша).
Магілёўскі абласны драматычны тэатр.