Тыдзень маладзёжнага “тэатрастаяння”

27 сакавіка — Міжнародны дзень тэатра

Чым цікавы "М.@rt.кантакт" моладзі? Якое месца фестываль займае ў тэатральнай прасторы Беларусі? Пытанні гэтыя неаднойчы ўзнімаюцца цягам сёлетняга, сёмага па ліку, форуму, які завершыцца акурат у Міжнародны дзень тэатра - 27 сакавіка.

"Нягледзячы на тое, што на сённяшні дзень у нашай краіне рэгулярна праводзяцца цэлых восем тэатральных фестываляў, "М.@rt.кантакт" у іх коле - з'ява заўважная і важная для айчыннага мастацтва, - падкрэсліў, наведаўшы форум у рамках рабочага візіту на Магілёўшчыну міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. - Найперш таму, што цягам гэтага тыдня мы на ўласныя вочы бачым, як сучасныя маладыя людзі зацікаўлена працуюць у справе развіцця айчыннага тэатральнага мастацтва, яго рэальнай папулярызацыі не толькі сярод даўніх прыхільнікаў дадзенага віду творчасці, але і ў колах сучасных пятнаццаці-, дваццаці-, дваццаціпяцігадовых грамадзян.

І вось ужо другі год запар Міністэрства культуры аказвае фінансавую дапамогу фестывалю, прычым канкрэтна сарыентаваную: па падтрымцы пастановак маладых беларускіх рэжысёраў па творах маладых беларускіх аўтараў. Менавіта дзякуючы ёй у сёлетняй праграме форуму мы зможам пабачыць спектакль "Гаспадар кавярні", бадай, самага вядомага і моднага на сённяшні дзень сучаснага беларускага рэжысёра Паўла Пражко ў рэжысуры Кацярыны Аверкавай.

Не раскрываючы загадзя ўсіх сакрэтаў форуму, першыя ж спектаклі якога традыцыйна сабралі аншлагі ў зале тэатра, хочацца зазначыць толькі адно:
.@rt.кантакт" абяцае шэраг цікавых і знакавых сустрэч з сучаснай маладзёжнай творчасцю і самімі аўтарамі. Невыпадкова старшыня журы, народны артыст Беларусі Віктар Манаеў сказаў: "Большасць тэатральных фестываляў для акцёраў заключаецца ў тым, што мы прыязджаем, адыгрываем свой спектакль і... адпраўляемся дадому, часта так і не здолеўшы пабачыць, чым жа жывуць нашы калегі-артысты з іншых тэатраў... "М.@rt.кантакт" жа дае ўнікальную магчымасць сутыкнуцца з тым рэальным станам маладзёжнай творчай думкі, убачыць, што ў прафесіі насамрэч хвалюе нашых "пераемнікаў".

наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск - Магілёў - Мінск
Таццяна КОМАНАВА
"Культура"