Асаблівы форум

“Март.Кантакт” – адзін з самых папулярных фестываляў нашай краіны. Ён заняў пачэснае месца ў шэрагу міжнародных тэатральных форумаў Беларусі. Аб гэтым паведаміў міністр культуры Беларусі Павел Латушка падчас размовы з журналістамі Магілёўшчыны.

– За сем год свайго існавання форум наведалі 27 тысяч гледачоў. Гэта вялікая грамада! – адзначыў міністр. – 75 спектакляў з 9 краін – добра, што сваё тэатральнае мастацтва нам прадстаўляюць розныя тэатры свету. Таксама вельмі важна, што “Март.Кантакт” скіраваны на моладзь, бо менавіта праца з моладдзю ў сферы культуры з’яўляецца прыярытэтам.

Павел Латушка выказаў і свае асабістыя погляды на тэатр, маўляў, не праходзіць і тыдня, каб ён не пабываў на якой-небудзь пастанове ў дзяржаўных тэтрах: “Тэатральнае мастацтва – унікальная з’ява, створаная чалавекам. Яно павінна развівацца. У гэтым годзе Міністэрства культуры знойдзе дадатковыя сродкі, каб падтрымаць пастаноўкі п’ес маладых аўтараў маладымі рэжысёрамі ў Нацыянальных тэатрах імя Якуба Коласа і Янкі Купалы, Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Плануем значна павялічыць фінансавую падтрымку маладых беларускіх драматургаў, бо за імі – будучыня”.

– Ваш рэгіён адзін з лідэраў у падтрымцы нацыянальнай беларускай культуры, – лічыць госць фестывалю. – Вялікая заслуга ў гэтым кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкама.

Міністр упэўнены: калі на рэгіянальным узроўні разумеюць, што культура з’яўляецца асновай развіцця дзяржавы, тут і далей будуць адбывацца цікавыя падзеі і кожны год з’яўляцца новыя праекты.
Виктория СИДЕЛЬНИКОВА
"Могилевские ведомости"