“Тры сястры”: складана, цікава… Але ці актуальна?

Краткое описание: 

Сёмы кантакт па чэхаўскай п’есе “Тры сястры” Тэатра-студыі “Невялікі драматычны тэатр” з Санкт-Пецярбурга прымусіў думаць. Аднак падчас прагляду сярод гледачоў хапала і тых, хто “не-не” ды і ўсміхаўся. Зразумець рэжысёра Льва Эрэнбурга шэраговаму наведвальніку тэатра не так лёгка, але хто ўчора здолеў гэта зрабіць – ганарыцеся. У любым выпадку адно пытанне так і засталося без адказу. Але аб усім па парадку...

Полное описание: 

Па шчырасці, звышэмацыянальныя праявы бездапаможнасці сясцёр Празоравых падчас успрыняцця спектаклю наводзілі на развагі: навошта гэта трэба? У чым задума Льва Эрэнбурга? Няўжо нельга абыйсціся без істэрыі і гармідару? Вось да якой высновы прыходзім.

Па-першае, на каханне і Вольга, і Марыя, і Ірына ўжо цалкам не здатныя. Першая, праўда, яшчэ спрабуе безвынікова праявіць свае пачуцці – людзі побач не тыя. Марыя хворая, да таго ж ад суму і скрухі п’е. Малодшая ж, Іра, увогуле паўстае сімвалам безнадзейнасці. Яе змярцвелая нага замінае ёй рухацца не толькі фізічна…

Спробы мужчын нешта змяніць нічым не завяршаюцца. Асабліва яскрава сведчыць пра гэта эпізод, калі Ірына і барон Тузенбах “цалуюцца”. Пацалунак без сэрца – Ірына без усялякай збянтэжанасці, сплёўвае зямлю… Барон наіўны ў сваім каханні. Зрэшты, як і Салёны, які называе сябе Лермантавым, бунтаром, але зрушыць з месца пачуцці Ірыны таксама не можа. Зноў яскравы момант – ружу, падораную жанчыне, ён пераварочвае бутонам у брудную ваду.

Маша кідаецца на Вяршыніна, каб утаймавайць сваю жаночую незадаволенасць. Няма і, па Эрэнбургу, не можа быць тут жарсці. А што Вяршынін? Ён з’язджае, хоць і з сумам – яму шкада ўжо не маладой, хваравітай правінцыялкі… Нельга не звярнуць увагу на рускі ментальны маркер у спектаклі: шмат размоў аб працы, але самой працы – не бачна. Хтосьці не можа (Ірына), у кагосьці яе хутка не будзе (Вольга), хтосьці проста безнадзейны брэцёр (Андрэй), хтосьці толькі крычыць пра яе (Кулыгін).

Не адразу зразумелымі сталіся такія эпізоды як вырыванне свайго зуба Салёным ці пратэз Ірыны… Пэўна, каб паказаць герояў як на далоні, з усім тым негатывам і шалам, якім прасякнута пастаноўка. Трэба заўважыць, што на працягу спектакля амаль што ўсе героі мыюцца, быццам хочуць змыць з рук і твара ўсё, што гняце і замінае жыццю, спраўджэнню мар і мрояў.

Спектакль Льва Эрэнбурга па-сапраўднаму ўразіў глыбінёй жаночых вобразаў і вастрынёй, толькі зноў жа прымусіў задумацца пра мэтазгоднасць везці такія сур’ёзныя працы на моладзевы форум, як гэта было ў першы дзень сёлетняга фестывалю з “Пунсовымі ветразямі”. Ці трэба такі тэатр моладзі?..

Андрэй Ільеня, Алена Ігнатава, Алена Долава, МДУ імя А.А Куляшова