Купалаўскаму тэатру - 100 год!

14 верасня 2020 года свой 100-гадовы юбілей святкуе самы стары тэатральны калектыў Беларусі - Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.
Нашыя віншаванні калегам з нагоды юбілею:

Дарагія сябры! Шаноўныя калегі!
Прыміце віншаванні з нагоды 100-гадовага юбілею Купалаўскага тэатра!
Найстарэйшы тэатральны калектыў нашай краіны быў і застаецца для ўсіх нас гонарам, прыкладам і ўзорам! Легендарная гісторыя Вашага тэатра працягваецца днём сучасным. Калыска для многіх пакаленняў творчых талентаў і сапраўдных патрыётаў, Купалаўскі тэатр - назаўжды ў нашых сэрцах. Нас яднае любоў да мастацтва і адданасць беларускаму народу, вера ў светлую будучыню, жаданне змяніць гэты свет да лепшага і напоўніць яго хараством. Зычым Вам у гэты дзень мужнасці, натхнення, веры і любові! Са святам!

З павагай, кіраўніцтва і калектыў установы культуры
"Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Магілёўскі абласны драматычны тэатр"

Тэатр Янкі Купалы
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы - найстарэйшы прафесійны тэатр у Беларусі, галоўная драматычная пляцоўка краіны. Заснаваны ў верасні 1920 года намаганнямі першага мастацкага кіраўніка Фларыяна Ждановіча.

Тэатр імя Янкі Купалы на працягу многіх гадоў паспяхова захоўвае найлепшыя дасягненні айчыннага тэатральнага мастацтва, а таксама спалучае традыцыйныя каштоўнасці з устаноўкай на няспынны мастацкі пошук і творчы эксперымент.

Рэпертуар тэатра налічвае каля 25 пастановак розных жанраў і форм паводле п’ес айчынных класікаў, а таксама сучасных аўтараў, дзеля чаго актыўна супрацоўнічае з найлепшымі драматургамі, мастакамі і рэжысёрамі.

Крыніца: Група Купалаўскага тэатра УКантакце

На сённяшні дзень Тэатр імя Янкі Купалы апынуўся ў складанай сітуацыі - падрабязнасці на старонцы тэатра ў Фэйсбук: Купалаўскі тэатр / The Kupałaŭski Theatre