Мікра- і макракосмас Шукшына

Нягледзячы на складаныя абставіны і няпэўныя перспектывы, магілёўскае тэатральнае жыццё і не думала спыняцца. “Ахвота жыць!” — гэта і матывуючы мэсэдж, і дэвіз новага тэатральнага сезона, і назва спектакля Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, прэм’ера якога адбылася 17 чэрвеня.

Ахвота жыць!
Пастаноўку паводле апавяданняў Васіля Шукшына прадставіла Каміля Хусаінава — учорашняя студэнтка Расійскага дзяржаўнага інстытута сцэнічных мастацтваў (18 чэрвеня яна акурат абараніла дыплом). Маладую рэжысёрку ведаюць у Беларусі па трох працах: “Жоўты пясочак” паводле Васіля Быкава, “Любоўныя лісты” Альберта Гурнея і “Лілічка” (калаж з мемуараў Лілі Брык і вершаў Уладзіміра Маякоўскага). Усё гэта былі пастаноўкі камерныя, і нарэшце рэжысёрцы даверылі вялікую сцэну.

Магілёўскі абласны драматычны тэатр ужо звяртаўся да творчасці Шукшына. У 1983 годзе адбылася прэм’ера аповесці-казкі “Пункт гледжання” ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна са сцэнаграфіяй Валерыя Гараднякова. У той бліскучай камедыі былі занятыя народны артыст Беларусі Сяргей Бульчык, Віктар Гудзіновіч, Леў Палонскі, Канстанцін Печнікаў, Зоя Бурцава, Галіна Угначова (яна іграе і ў цяперашняй прэм’еры) ды іншыя.

Цікава, што настаўнік Камілі Хусаінавай, знакаміты расійскі тэатральны рэжысёр і педагог Генадзь Трасцянецкі таксама ставіў свой дыпломны спектакль паводле Шукшына. Але звярнуўся не да яго аповедаў, а да рамана “Я прыйшоў даць вам волю”. І было ўсё гэта ў Растоўскім драматычным тэатры імя М. Горкага ў 1979 годзе. Вучаніца майстра нават не ведала пра гэта — такі вось жарт лёсу.
Ахвота жыць!

— Проза Шукшына — не надта простая для сцэны, — зазначае Каміля Хусаінава. — І ўсё ж мы рызыкнулі. Выбіралі гэты матэрыял разам з дырэкцыяй тэатра, бо было адчуванне, што сёння ён вельмі запатрабаваны. Назву, дарэчы, прапанаваў дырэктар установы Андрэй Новікаў. Апавяданні адбіралі перадусім па прынцыпе “сцэнічнасці”, а таксама звярталіся да гісторый, што найбольш падабаліся і натхнялі. Напрыклад, апавяданне “Космас, шмат сала і нервовая сістэма” — асабістае пажаданне акцёра Аляксея Цыбіна. У працэсе апрацоўкі тэксту важную ролю адыграла інтуіцыя — мая ўласная і артыстаў. Фармальна мы пачалі працаваць над пастаноўкай яшчэ ў лютым, але сапраўдная праца на пляцоўцы пачалася ў красавіку і была “разарваная” працоўным адпачынкам трупы, рэпетыцыі аднавіліся толькі ў чэрвені.

Пастаноўка складаецца з васьмі аповедаў, якія пераплятаюцца-перагукаюцца паміж сабой. Героі пераходзяць у наступныя сцэны, вольна “блукаюць” па ўсім спектаклі. Рэжысёрка, яна ж і аўтарка інсцэніроўкі, дасканала адбудавала драматургію: атрымаўся не механічна злеплены набор сцэнак з вясковага жыцця, а цэльны, гарманічны мікракосмас, у якім жывуць сапраўдныя людзі, пазнавальныя і блізкія кожнаму з нас. Іх клопаты — пра хлеб штодзённы, але думкі — пра вечнае і высокае: пра сэнс быцця, сваё месца і наканаванне ў гэтым свеце, пра каханне і расставанне, пра жыццё і смерць, пра Бога, нарэшце.

Жанравае азначэнне ад рэжысёра — “сказы” — сведчыць адначасова як пра манеру выказвання з дыстанцыяваным ад аўтара апавядальнікам, так і пра максімальны рэалізм пададзеных гісторый.

Спектакль дакладна патрапіў у дух і літару прозы Шукшына, поўнай тонкага гумару і адначасова горкага смутку. Не дабаўляючы амаль нічога, атрымалася надаць гэтым тэкстам сучаснае гучанне. Так, цалкам “на злобу дня” даносяцца рэплікі з апавядання “Космас, шмат сала і нервовая сістэма”: пра тое, як сучасная навука вось-вось пераможа ўсе хваробы і не будзе больш ніякіх эпідэмій.

Ствараючы музычнае афармленне спектакля, Каміля спляла ў адзінае палатно мелодыі народных песень, прыпевак, нават калыханку. А лейтматывам стала песня на верш Сяргея Ясеніна “Клён ты мой апалы”. Пры гэтым атрымалася пазбегчы грубага “лубка” і псеўдаэтнаграфічнасці, усе мелодыі тонка перадаюць душэўны стан герояў.

Сцэнаграфіі, таксама прыдуманай самой рэжысёркай, вялікага значэння не надавалася. Апроч побытавага рэквізіту хіба дзве значныя дэталі: ссохлае, неахайнае дрэва-хмыз (гэткая занядбаная axis mundi, што перакладаецца з латыні як “вось свету”) ды паваленыя праваслаўныя крыжы — візуальнае “прывітанне” з аповеда “Моцны мужык” пра разбураную царкву (ён не ўвайшоў у спектакль). Пры жаданні ў гэтым можна ўбачыць сімвалы знішчанай духоўнай асновы грамадства, адкуль і вынікае сусветная туга і роспач.

Аскетычнасць сцэнаграфіі не раздражняе і не адцягвае ўвагу гледача ад працы акцёраў. Бо “Ахвота жыць!” перадусім акцёрскі спектакль. У ім занятая большая частка трупы, і амаль для кожнага знайшоўся хоць невялікі, але важны эпізод. Мэтры магілёўскай сцэны пацвердзілі сваё філіграннае майстэрства, уменне данесці складаныя рэчы лаканічна, з ювелірнай дакладнасцю. Так, у тужлівым маналогу “Гора” стары Нічай (народны артыст Беларусі Рыгор Белацаркоўскі) вельмі проста, неяк побытава спавядаецца пад зорным небам пра нядаўнюю смерць жонкі. За ціхмянай элегічнасцю гэтай сцэны стаіць бездань смутку і адначасова філасофскае прыняцце смерці — не толькі блізкага чалавека, але і самога героя.

Яскравыя сцэнічныя працы ў моладзі. Здавалася б, “дэкаратыўны” персанаж гарманіст Колька (Ягор Шабетнік) аказваецца добрым духам вёсачкі, які абуджае яе і весяліць сваім хуліганскім гармонікам.

Ажно чатыры ролі выконвае Аляксей Цыбін, дэманструючы адметнае майстэрства пераўвасаблення: хітраваты Ягор (“Вясковыя жыхары”), сквапны і самотны Еўсцігнеіч (“Космас, шмат сала і нервовая сістэма”), душэўны і мяккі Анціп (“Самотныя”), разважлівы богашукальнік-поп (“Верую!”).

Эмацыйнай кульмінацыяй спектакля можна лічыць апавяданне “Сураз”. Гісторыя пра задзірлівага вясковага хлопца Спірку (Даніла Самкнулаў), які не можа ўпісацца ў сваё асяроддзе, становіцца ізгоем і даходзіць да самагубства, разрастаецца да маштабаў антычнай трагедыі.

Лішнім чалавекам адчувае сябе герой Андрэя Корзана Іван (“У профіль і анфас”), вымушаны пакінуць бацькоўскі дом. Кранальная сцэна яго развітання з маці (Галіна Лабанок) амаль пазбаўлена слоў і таму асабліва шчымлівая.

Задаюцца адвечнымі пытаннямі Матвей з апавядання “Думы” (Уладзімір Пятровіч), Максім з аповеда “Верую!” (Мікалай Раманоўскі).

Скразным матывам у гэтай сімфоніі душ становіцца тэма адзіноты маленькага чалавека ў вялізным космасе. Але ж і сам чалавек са сваім мітуслівым побытам — ці ж не космас?

Пачынаючы з анекдатычнай, пацешнай гісторыі “Вясковыя жыхары”, дзе бабка Малання (Галіна Угначова) і хлопчык Шурка (Вадзім Арціменя) з камічнымі перасцярогамі плануюць вандроўку ў недасяжную Маскву, і завяршаючы амаль “праграмным” заклікам “Верую!”, гледачу паказваюць з розных бакоў маленькі сусвет — мадэль свету нашага. Гэта надае “сказам” асаблівую пранізлівасць, пазнавальнасць, універсальнасць і трапляе ў сэрца гледача.

Вольга СЕМЧАНКА, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра
Газета "Культура" № 25 (1464) 20.06.2020 - 27.06.2020 г