22 красавіка - гастролі Купалаўскага тэатра ў Магілёве! Легендарная «Паўлінка»

22 красавіка 2020 г. ў Магілёве пройдуць гастролі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, які сёлета адзначае 100-гадовы юбілей. Тэатр, які стаў гонар і сімвалам Беларусі, прадставіць на сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра легендарны спектакль «Паўлінка» паводле аднайменнай п'есы славутага беларускага песняра Янкі Купалы ў пастаноўцы Льва Літвінава.

Білеты ў продажы з 4 лютага!

Пачатак спектакля – у 18:30
Кошт білетаў: 27, 25, 20, 15 р.
Рэкамендаваны ўзрост: 12+
Білеты – у касе Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, на сайце kinoteatr.megamag.by і ў распаўсюднікаў.

Даведкі і заказ білетаў па тэл.:
8 (0222) 65-50-53, (+37529)131-25-48 - Velcom, (+37529) 241-43-86 - МТС
Каса тэатра: 8 (0222) 65-66-04

ЧАКАЕМ ВАС!


Янка Купала
ПАЎЛІНКА

сцэны са шляхоцкага жыцця (12+)

Рэжысёр – Леў Літвінаў
Мастак – Барыс Малкін
Аранжыроўка музыкі Я.Цікоцкага – Уладзімір Кур'ян

У багатым рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы спектакль “Паўлінка” заўсёды стаіць асобна. Найстарэйшы спектакль тэатра карыстаецца вялікай любоўю гледачоў і за доўгія гады свайго існавання ператварыўся ў сапраўдную візітоўку, сімвал Купалаўскай сцэны. Сакрэт такога ўнікальнага поспеху – у спалучэнні яскравых народных характараў, цікавага сюжету, народных песень і танцаў, мілагучнай мовы класіка беларускай літаратуры і выдатнага майстэрства выканаўцаў. За час існавання спектакля ўдзел у ім бралі некалькі пакаленняў найлепшых артыстаў краіны, а сам ён стаў сапраўднай школай сцэнічнага майстэрства. І менавіта гэтай пастаноўкай у Купалаўскім тэатры штогод адкрываецца новы сезон! Звычайную гісторыю пра тое, як дзяўчына абрала сабе жаніха насуперак бацькоўскай волі, народны паэт Беларусі Янка Купала шчодра аздобіў нацыянальным каларытам і сакавітым народным гумарам. Прэм’ера спектакля ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Льва Літвінава адбылася ў 1944 годзе ў горадзе Томску, дзе тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі.
Спектакль ідзе на беларускай мове.

Прэм'ера – 23 мая 1944 года
Працягласць – 2 гадзіны з антрактам

Паўлінка


Купалаўская "Паўлінка" ў пастаноўцы Льва Літвінава мае магчымасць атрымаць статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці!
Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь адзінагалосна падтрымала ініцыятыву Купалаўскага тэатра аб неабходнасці надання “Паўлінцы” Льва Літвінава як тэатральнаму феномену статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.
11 снежня перад Радай у Міністэрстве культуры гэтую прапанову абаранялі народныя артысты Беларусі Марыя Захарэвіч і Арнольд Памазан, які больш за 30 год выходзіў на сцэну ў ролі пана Адольфа Быкоўскага, а таксама генеральны дырэктар Павел Латушка, загадчыца літаратурна-драматургічнай часткі Вольга Бабкова і адна з вядучых артыстак тэатра Марта Голубева – наша сённяшняя Паўлінка.
П’еса Янкі Купалы “Паўлінка” была напісана ў 1912 годзе і ўпершыню пастаўлена Фларыянам Ждановічам у 1913 годзе. Купалаўскім тэатрам п’еса была пастаўлена падчас вайны ў 1944 годзе, калі тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі ў Томску. З таго часу “Паўлінка” нязменна знаходзіцца ў рэпертуары Купалаўскага тэатра.
11 снежня 2019, kupalauski.by
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы – найстарэйшы прафесійны тэатр у Беларусі, галоўная драматычная пляцоўка краіны.Заснаваны ў верасні 1920 года намаганнямі першага мастацкага кіраўніка Фларыяна Ждановіча. Тэатр імя Янкі Купалы на працягу многіх гадоў паспяхова захоўвае найлепшыя дасягненні айчыннага тэатральнага мастацтва, а таксама спалучае традыцыйныя каштоўнасці з устаноўкай на няспынны мастацкі пошук і творчы эксперымент. Рэпертуар тэатра налічвае каля 25 пастановак розных жанраў і форм паводле п’ес айчынных класікаў, а таксама сучасных аўтараў, дзеля чаго актыўна супрацоўнічае з найлепшымі драматургамі, мастакамі і рэжысёрамі.
Купалаўскі тэатр – гэта гісторыя краіны, беларускай культуры і кожнага з нас!

КУПАЛАЎСКАМУ ТЭАТРУ – 100 год!
У верасні 2019 года Купалаўскі тэатр распачаў 100-ы тэатральны сезон. Дарэчы, традыцыйна спектаклем адкрыцця сезону стала легендарная «Паўлінка».
У 100-м сезоне тэатр правёў шэраг урачыстых мерапрыемстваў, ажыццявіў новыя праекты, прадставіў яскравыя прэм’еры. У гастрольных планах Купалаўскага тэатра на юбілейны сезон – шэраг гарадоў Беларусі (Гомель, Гродна, Слонім, Баранавічы, Маладзечна, Бабруйск, Салігорск і інш.), а таксама гастролі за мяжой і ўдзел у еўрапейскіх тэатральных фестывалях.
(с) сайт тэатра https://kupalauski.by/