Праз пясок гісторыі

Завяршыўшы некалькі тыдняў таму чарговы “М.аrt.кантакт”, Магілёўскі драматычны тэатр ужо жыве новымі прэм’ерамі. 20 красавіка пачалося “Купанне з акуламі”, пастаўленае Уладзімірам Пятровічам паводле п’есы сучаснага амерыканскага драматурга Дона Нігра. З 15 мая ажно тры вечары запар на сцэне панаваў мальераўскі “Тарцюф” у режысёрскім прачытанні Кацярыны Аверкавай. А побач з імі працягвае сваё сцэнічнае жыццё “Жоўты пясочак” паводле аповеду Васіля Быкава. Паказаная на згаданым фестывалі, гэта дыпломная праца Камілі Хусаінавай выклікала хвалю дыскусій. І не пакідае хваляваць дагэтуль.

Жоўты пясочак

Не выклікае сумневу актуальнасць звароту да тэмы сталінскіх рэпрэсій — тым больш, з боку моладзі. І менавіта ў фармаце мастацкага асэнсавання, а не простага пералічвання фактаў. Асэнсавання, якое, адштурхоўваючыся ад тэмы жахаў, вядзе да праблемы маральнага выбару, уласцівую ўсёй творчасці нашага класіка.

Жах канстатуецца адразу і застаецца нязменным. Гэтае слова разам з 1937 годам чытаецца ў нумары ўяўнага грузавіка, што вязе “ворагаў народа” на расстрэл: ЖА 19-37 Х. Ёсць і шэраг семантычна зменлівых мастацкіх дэталей, якія вымушаюць сачыць за іх развіццём. Гармонік ператвараецца ў друкарскую машынку, лясканне клавішаў якой у час допытаў пачынае асацыявацца са стрэламі. Сімвалічнае значэнне набываюць пустыя металічныя бочкі, груканне ў якія дзейнічае на нервы. Бо праз іх узнікаюць сцяжынкі асацыяцый і да Сярэднявечча з яго спальваннем іншадумцаў, і да пустазвонства 1930-х, калі за знешнімі пераможнымі лозунгамі хаваліся жудасныя ўнутраныя праблемы.

Невыпадкова тры дзяўчынкі, якія спачатку сваім белым адзеннем нагадвалі анёлаў, раптам пачынаюць асацыявацца з таямнічымі шэкспіраўскімі вядзьмаркамі — захавальніцамі памяці пра мінуўшчыну і будучыню. Ды толькі шэкспіраўская няўмольнасць лёсу, што вядзе адлік з антычнага мастацтва, тут паўстае ўсё той жа непрадказальнасцю знешняга аблічча. А запаволеныя рухі гэтых гераінь ператвараюць іх ледзь не ў “касмічных назіральнікаў” — якія, тым не меней, умешваюцца ў падзеі.

Тая ж амбівалентнасць — і ў пераасэнсаванні жартоўнай беларускай народнай песні “Я мяту, мяту двор мяцёлкаю…”, з якой выкарыстаны толькі пачатак, у музычны лейтматыў трагедыі. А бясконцыя паўторы згаданай фразы наўпрост вядуць да выразу “вымятаць смецце з хаты”.

Жоўты пясочак

Лётанне матылькоў, за якое рэжысёр атрымала порцыю крытыкі на фестывальным абмеркаванні (маўляў, тыя “прыляцелі” са спектакляў Саўлюса Варнаса, які апошнія пяць гадоў быў мастацкім кіраўніком тэатра), тут “чытаюцца” не як сімвал дзіцячай наіўнасці ці крохкасці чыстай прыгажосці, а як намёк на эфект матылька, як боль па загубленых лёсах, няздзейсненых светлых марах. Бо “матылькі” насамрэч — чырвоныя банцікі, што сталі сімвалам рэвалюцыі.

Думкі пра хуткаплыннасць часу і гістарычную повязь эпох узнікаюць і праз вечныя, зразумелыя ўсяму свету і знакавыя ў этнакультуры беларусаў сімвалы вады і пяску, якія набываюць у спектаклі рэальнае жывое ўвасабленне. Цягам дзеі з галавы не выходзіць ходкі выраз “як вада ў пясок”, нагадваючы пра неабходнасць помніць і асэнсоўваць сваю гісторыю, каб яе трагічныя старонкі больш не паўтараліся.

Жанр “плача для шасці галасоў” увасабляецца не столькі праз дзявочыя спевы, колькі праз жалобныя ўсхліпванні акарын-свістулек, трымценне баяна на адной працяглай ноце — і праз дададзены да тэксту Быкава верш Анатоля Сыса “Адпусціце мяне, Курапаты”, які вельмі проста, без аніякай патэтыкі чытаецца ў фінале.

Вось толькі “дадаванне” самазабойства Косцікава было ўжо залішнім. Бо замест думкі пра непазбежнасць расплаты ўзнікае налёт таннай меладрамы. Бліскаўкамі шчырасці становяцца моманты выхаду акцёраў з ролі і ўзгадвання іх уласных стасункаў з аповедам Быкава і тымі гістарычнымі падзеямі. Але потым гэты ўдалы прыём, на жаль, знікае.

Здавалася б, закладзена ў спектакль многа. Чаму ж у час яго прагляду не пакідала адчуванне чарговага тэатральнага фальшу? З-за акцёрскай знарочыстасці, няўдалага грыму, прыдатнага хіба ў шаржах — усёй той тэатральнай вампукі, з якой магілёўская сцэна, як высветлілася, так і не развіталася канчаткова, нягледзячы на ўсе намаганні.

“Дык вы ж глядзелі не той спектакль!” — горача ўсклікнуць яго шматлікія прыхільнікі. Не буду спрачацца: магчыма, на прэм’еры, калі ўдзельнічаў Іван Трус (цяпер ён вярнуўся ў сталіцу і працуе сярод купалаўцаў), спектакль быў іншым. Я ж глядзела яго ў праграме форуму. Ды толькі трываласць канструкцыі адносна неспрыяльных з’яў — таксама клопат творцы.

Фота Дзяніса ВАСІЛЬКОВА
Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ, рэдактар аддзела газеты "Культура"

Газета "Культура". № 20 (1407) 18.05.2019 - 25.05.2019 г