«М.@rt.кантакт-2018»: са словамі і без слоў

Савецкая мэблевая сценка, адрыўны каляндар, тэлевізійны серыял... З чаго толькі не паўстаюць сучасныя спектаклі. Пабачыць працэс панарамна — заўважыць тыя незвычайныя кропкі, ад якіх адштурхоўваюцца думкі стваральнікаў, і прасачыць вектары руху — чарговы раз дазволіў Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@rt.кантакт», што прайшоў у Магілёве.

Спекталь "Пустата". ФОта Юліі Пеплер
Па парадку нумароў
Сцэна са спектакля «Пустота».
Праграму сёлетняга форуму ўмоўна можна было б падзяліць на тры часткі. Першая — спектаклі-майстар-класы для маладых дзеячаў тэатра. Гэта і адна з апошніх работ легенды літоўскага тэатра Эймунтаса Някрошуса «Майстар голаду» паводле навелы Франца Кафкі, дзе рэжысёр паўстае для гледачоў нечакана лаканічным ды нечакана іранічным. І вытанчанае кабарэ «Магадан» ад мастацкага кіраўніка маскоўскага тэатра «Каля дому Станіслаўскага» Юрыя Паграбнічкі.

Другая, дыяметральна супрацьлеглая першай, частка — дыпломныя і вучэбныя работы студэнтаў. Гледачы пабачылі прозу Андрэя Платонава ва ўвасабленні Тэатральнай майстэрні Генадзія Трасцянецкага (Расійскі дзяржаўны інстытут сцэнічных мастацтваў). Колішнія студэнты сумеснага курса рэжысёраў ды мастакоў Дзмітрыя Крымава і Яўгена Камяньковіча (РАТИ-ГИТИС) Філіп Вінаградаў і Аляксей Размахаў прадставілі свой незалежны тэатральны праект «Двое», які паўстаў з дыпломнай работы. «Двое» прысвечаны жыццю і творчасці Аляксандра Грыбаедава. Стваральнікі спектакля камунікуюць з залай у папулярным сёння жанры сторытэлінгу (калі пэўная, часцей навучальная, інфармацыя даносіцца да гледача шляхам захапляльнага расповеду) і з дапамогай неймавернай колькасці гаджэтаў ды ноўтбукаў. Беларускія студэнты з Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў пад кіраўніцтвам Таццяны Траяновіч прадставілі на форуме сучасную беларускую драматургію — п’есу Віталія Каралёва «Москау дрымін», прысвечаную эміграцыі.

Трэцяя ж і самая вялікая частка праграмы форуму — гэта знакавыя работы маладых дзеячаў тэатра ды тэатральны авангард. І менавіта яна выступае падставай для пошукаў адказу, што можа чакаць нас у зусім недалёкай тэатральнай будучыні.

Старыя словы

Крылатае выслоўе пра добрага рэжысёра, які можа паставіць нават тэлефонную кнігу, сёння варта ўспрымаць не толькі метафарычна, але і літаральна. Спектакль Дзмітрыя Валкастрэлава «Разенкранц і Гільдэнстэрн» (Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны тэатр юных гледачоў імя А. А. Бранцава) паўстаў са спалучэння тэксту абсурдысцкай п’есы Тома Стопарда «Разенкранц і Гільдэнстэрн мёртвыя» ды матэрыялаў з савецкага адрыўнога календара, накшталт займальных фактаў, статыстыкі ды цытат генсека Чарненкі.
Спектакль "Разенкранц і Гільдэнстэрн"

Сцэна са спектакля «Разенкранц і Гільдэнстэрн»

Эпізадычныя героі Шэкспіра і галоўныя героі Стопарда — сябры Гамлета Разенкранц і Гільдэнстэрн — звыкла пачынаюць гуляць у арлянку. Аднак апранутыя яны ў стандартныя савецкія мужчынскія касцюмы, сядзяць паабапал шахматнай дошкі, а хранатоп спектакля вызначаны датамі вядомага матча паміж Анатолем Карпавым і Гары Каспаравым, што адбываўся з верасня 1984-га па люты 1985-га. Але ж ніводная фігура на дошцы так і не паходзіць — Разенкранц і Гільдэнстэрн гуляюць рэплікамі: стопардаўскімі, савецкімі.

Паколькі адпраўным пунктам, з якога за акцёрамі пачынаюць рухацца гледачы, усё ж з’яўляецца абсурдысцкая п’еса, міжволі згадваецца выказванне Камю пра тое, што пачуццё абсурду можа напаткаць чалавека на любым павароце любой вуліцы. Гэта і здараецца з залай. Разенкранц і Гільдэнстэрн дэманструюць на сцэне не толькі міжасобасны канфлікт, але і канфлікт анталагічны, абсурдысцкага і рацыянальнага ўладкавання свету. І шахматная партыя тут — спроба выратавацца, знайсці хоць нейкае лагічнае вытлумачэнне таму, што адбываецца навокал. Спроба зразумець тое, на разуменне чаго ў многіх сыходзіць цэлае жыццё...

Асобнай увагі заслугоўвае тэкст зманціраванай Дзмітрыем Валкастрэлавым п’есы. Пару дзесяцігоддзяў таму краевугольным каменем новай драматургіі стала жывая размоўная мова, што праявіла на сцэне сучаснасць. Валкастрэлаў скарыстоўвае прыём, але змяняе ўводныя. Мінулую эпоху для нас праяўляе мова савецкай перыёдыкі. Мантаж факусіруецца не на надзвычайным, а на надзённым. Сярод «дуэльных» рэплік: правілы выкарыстання слоў «турысцкі» і «турыстычны», камуністычныя тэзісы, карысныя парады пра тое, як лепш мыць галаву, сказ пра Ляўшу... У гэтым калейдаскопе праяўляецца нашае мінулае, водгаласам бачыцца наша сучаснае і канчаткова авалодвае гледачом адчуванне таго, што светаўладкаванне не разгадаць і не вытлумачыць.

Новыя словы

Сёлетняя праграма форуму традыцыйна абазначыла цікавасць да новай драматургіі. Адным з самых яркіх спектакляў гэтага блока стаў «Тата, ты мяне любіў?» кіеўскага тэатра «Залатыя вароты». Рэжысёр Стас Жыркоў увасобіў вядомую п’есу беларускага драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага «Ціхі шэпт сыходзячых крокаў». Інтэрпрэтацыйны рэжысёрскі акцэнт кідаецца ў вочы ўжо ў змененай назве. Для Жыркова ў гэтым тэксце самым важным становіцца менавіта гэта пытанне. Адказы, што не знайшліся ў свеце жывых, пасля смерці таты пакутліва шукаюцца ў царстве мёртвых. Бо як жыць, калі за столькі гадоў так і не зразумеў: любіў цябе бацька ці не? Спроба вызначэння жанру рэжысёрскага аповеду прыводзіць да неалагізму — снавідчы рэалізм. Дзеянне адбываецца недзе на мяжы рэальнага і ірэальнага светаў. Ва ўласнай тэатральнай прасторы «Залатыя вароты» працуюць у чорнай зале-пенале на адлегласці выцягнутай рукі ад гледачоў, ствараючы асаблівы эфект прысутнасці. На выязных паказах сцэнаграфію адаптуюць, і заднікам спектакля становіцца савецкая мэблевая сценка, каля якой вырас і пражыў значную частку жыцця кожны з нас. Рэдзі-мэйд дэкарацыя з яе архетыповым увасабленнем ладу нашага жыцця выступае той паяднальнай сілай, што працуе не горш за прастору, дзе глядач становіцца суакцёрам.

Новыя словы, безумоўна, вымагаюць новых пастановачных рашэнняў. І адным з кірункаў у апошнія дзесяцігоддзі становіцца інструментарый іншых сфер мастацтва. Напрыклад, кіно. У межах праграмы форуму быў прадстаўлены спектакль Талгата Баталава «Пустэча» паводле п’есы Максіма Чарныша (Цвярскі тэатр юнага гледача). Ключом да вырашэння гэтага тэксту пра пустэчу, народжаную ў душы сучаснага чалавека офісным ладам жыцця, стала выкарыстанне жанравых законаў тэлевізійнага серыяла — сітуацыйнай камедыі. У сіткоме дзеянне яднаецца асноўнымі персанажамі і месцам, але сюжэтныя лініі захоўваюць пэўную аўтаномнасць, часам выкарыстоўваюцца сродкі выразнасці мыльных опер. Баталаў дакладна вытрымлівае гэтыя жанравыя каноны і дазваляе гледачу адчуць радасць пазнавання не толькі за кошт сюжэта пра офіснае рабства, асобасны крызіс, пошукі ды страту каханых, але і за кошт добра знаёмых серыяльных законаў, што робяць элітарнае тэатральнае мастацтва больш зразумелым для шараговых аматараў.

Без слоў

Было б не зусім дакладным сказаць, што ў спектаклі славацкай арт-групы «Мёд і пыл» «Прыўкраснае і жахлівае» няма слоў. Ёсць — тэкст песняў, дэкламацыя санета Шэкспіра. Аднак генеральна гэтая работа, канечне ж, мае перфарматыўна-медытатыўны характар, і на тое, каб вы шукалі сэнсы ў словах, рэжысёр Андрэй Калінка дакладна не спадзяецца. На працягу гадзіны глядач назірае за калейдаскопам дзеянняў у арт-прасторы (у Магілёве быў абраны Музей П. В. Масленнікава). Дзеянні правакуюць гледачоў на эмацыянальнае і рацыянальнае ўспрыняцце. Толькі ўласны пачуццёвы вопыт дазваляе стаць часткай песні, што, рухаючыся ці седзячы, выконваюць акцёры. Удар гонгу фізічна адгукаецца рэхам недзе ў тваёй грудной клетцы. Са зменай эпізодаў перажываеш змену эмоцый — цікаўнасць, трывогу, радасць. Адначасова «Прыўкраснае і жахлівае» паддаецца і звыклай рацыянальнай дэшыфроўцы. Сваім спектаклем Калінка сцвярджае дуалізм свету ўвогуле і звяртаецца да мастацтва ў прыватнасці. Што ёсць прыўкраснае і жахлівае ў мастацтве? Ці можам мы карыстацца гэтымі катэгорыямі ў дачыненні да мастацтва? Адзін з самых моцных аргументаў у гэтых разважаннях — сцэна спектакля, дзе на экране з’яўляюцца праекцыі рознастылёвых і розначасовых рэпрадукцый сусветна вядомых твораў. У адным шэрагу — адраджэнскія лікі ды славутая вавёрка-самазабойца Маурыцыа Катэлана. І раптам ты разумееш усю недарэчнасць пытання «Ці можа сучаснае мастацтва стаць побач са славутымі ўзорамі мінулага?» і безумоўную арганічнасць такога суседства.

І крыху гамлетызму

Варта адзначыць удалае ўкладанне праграмы ХІІІ Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму «М.@rt.кантакт». Апроч таго, што арганізатарам удалося лагічна аб’яднаць досыць розныя ўзроўні і стылі, «М.@rt.кантакт» не страціў, а толькі памножыў сваю ролю аднаго з інкубатараў, што дазваляюць новым ідэям арганічна прыжыцца ў беларускай тэатральнай прасторы. Так, гэтым разам заўважна тэндэнцыя адмаўлення рэжысёраў ад працы з гатовым драматургічным матэрыялам і схільнасць да сачыніцельскага тэатра, міждысцыплінарны падыход да стварэння спектакля і актыўнае выкарыстоўванне выразных сродкаў і інструментарыю іншых відаў мастацтваў. Ну, а што тычыцца сэнсавых ідэй, то гэта бясконцае ўгляданне ў сучасны свет, пры дакладным разуменні яго неспасцігальнасці. Адна з гераінь кабарэ «Магадан» сказала: «Для мяне пытанне пра сэнс жыцця застаецца адкрытым...»

Алена МАЛЬЧЭЎСКАЯ. Фота Юліі Пеплер
"Літаратура і мастацтва", 20.04.2018