Прэм'ера: гарадское фэнтэзі "ТАЯМНІЦА СТАРОЙ РАТУШЫ" на беларускай мове

15 мая, у дзень, калі Магілёўскі драматычны тэатр будзе святкаваць сваё 130-годдзе, на яго сцэне адбудзецца яшчэ адна радасная падзея - прэм'ера, і незвычайная. Упершыню за доўгі час прадстаўляем спектакль на беларускай мове!
"ТАЯМНІЦА СТАРОЙ РАТУШЫ" - гарадское фэнтэзі ў 2-х дзеях (12+). Аўтар п’есы – Cяргей Кавалёў, рэжысёр – Уладзімір Пятровіч


Жанр фэнтэзі – ці не самы папулярны сёння. Эпічныя палотны Джона Толкіна, чароўны свет Джоан Роўлінг, кактэйль з палітычных і любоўных інтрыг у “Гульні тронаў” Джорджа Марціна авалодалі сэрцамі мільёнаў. Чаму? Мабыць таму, што ва ўсе эпохі і ў любой краіне (нават калі яны прыдуманыя) не змяняецца самае галоўнае – чалавек і яго сутнасць, жаданні, памкненні, страхі. Зло застаецца злом – увасобленае ў вобразе Саўрона, Волан-дэ-Морта ці Караля ночы…
Таямніца старой ратушы
Гісторыя, якую стварылі беларускі драматург Сяргей Кавалёў і рэжысёр Уладзімір Пятровіч, такая ж адвечная. Каханне і помста, сяброўства і здрада, барацьба за ўладу і прага свабоды… Дабро змагаецца са злом, і вынік гэтага супрацьстаяння непрадказальны. Казка для падлеткаў? А мабыць, рэальнасць?

Перад намі паўстае сераднявечны горад сімвалам самакіравання – ратушай –– і яго жыхары: войт, лаўнік, карчмарка, залаташвейка, кат і іншыя экзатычныя персанажы. Але горад належыць зусім не ім – ён захоплены цёмнымі прывідамі-пачварамі, і каб перамагчы іх, гараджанам трэба аб’яднацца.
Захапляльны сюжэт, фантастычныя вобразы, сераднявечны каларыт, востры сацыяльны падтэкст і, вядома ж, магія – чорная і белая… Запрашаем у Магілёўскі драматычны тэатр усіх, хто марыць акунуцца ў чароўны свет фэнтэзі! Разгадайма таямніцу старой ратушы і пераможам цемру разам!

Рэжысёр-пастаноўшчык, музычнае афармленне – Уладзімір Пятровіч
Кансультант па пластыцы – Настасся Лапцінская
Мастак-пастаноўшчык – Андрэй Меранкоў
Мастак па касцюмах – Таццяна Лісавенка
Мастак па святле – Сямён Давыдзенка
Асістэнт рэжысёра – Вольга Махунова

У спектаклі занятыя артысты: Народны артыст Беларусі Рыгор Белацаркоўскі, Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Васіль Галец, Яўгенія Белацаркоўская, Руслан Кушнер, Галіна Лабанок, Аляксей Цыбін, Ірына Дунчанка, Аляксандр Куляшоў, Вольга Ліфпуц, Вераніка Баранава, Чэслаў Вількін, Настасся Іваненка і інш..

Прэм’ера – 15 мая 2018


Даты першых паказаў: 15, 16 і 30 мая 2018 г. (пачатак а 18:30)
А таксама ў рамках праграмы “Урокі эстэтыкі, этыкі і маральнасці”: 17 мая (17:30) і 22 мая (18:00)
Кошт білета: 7, 6, 5 і 4 руб. Білеты – ў касе тэатра, у распаўсюднікаў і анлайн на сайце kinoteatr.megamag.by
Даведкі і заказ білетаў па тэл.: 8 (0222) 65-50-53; (+37529)131-25-48 Velcom; (+37529) 241-43-86 МТС. Каса тэатра: 8 (0222) 65-66-04