"Перакладаючы" Караткевіча. Надзея Бунцэвіч пра спектакль “Сіняя-сіняя”

Прэм’ера спектакля “Сіняя-сіняя” Магілёўскага абласнога тэатра лялек стала адной з кульмінацый ХІІ Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму “M.@rt.кантакт”. Можна прадказаць спектаклю такую ж захопленую рэакцыю і на іншых фестывалях.
Сіняя-сіняя

Сцэна са спектакля “Сіняя-сіняя”. / Фота прадастаўлена тэатрам

Перачытаўшы напярэдадні Караткевіча, пераканалася, што паставіць гэты аповед тэатральнымі сродкамі немагчыма — хіба ў кіно, дый тое на ўзроўні “голага сюжэта”, а не філасофскай глыбіні. Прыйшоўшы на спектакль, пераканалася ў адваротным — магчыма, ды яшчэ як! Не шляхам “пераказу” ці “ілюстрацыі” (на жаль, на такой прыступцы застаюцца многія “тэатралізацыі-экранізацыі”), а метадам сапраўднага перакладу на іншую мову — з літаратурнай на тэатральную, у эстэтычнае рэчышча тэатра лялек і ў сэнсавае поле менавіта сучаснасці.

Своеасаблівым пралогам да дзеяння служыць аўдыязапіс фрагменту размовы з пісьменнікам. Мы чуем не толькі голас Караткевіча, але і ягоны боль за лёс радзімы. Словы і думкі пісьменніка застаюцца актуальнымі, настройваючы на дыялог, хай і бязмоўны. Тая ж форма “ўнутранага дыялогу” вытрымана ва ўсім: і ў суадносінах з літаратурнай асновай, і ў сцэнічным існаванні героя. Калі ў Караткевіча акцэнтуецца драматызм падзей, шмат увагі аддаецца апісанням прыродных з’яў, жыцця — у пякельнай Сахары і “сіняй-сіняй” ад азёраў ды крыніц Беларусі, дык галоўны рэжысёр Магілёўскага тэатра лялек Ігар Казакоў максімальна скараціў усе тыя “рэалізмы”, пазначыўшы жанр свайго, падкрэслю, монаспектакля як “галюцынацыя ў адной дзеі без антракту”. Калі аповед завяршаўся шматкроп’ем і ўсё ж пакідаў надзею на выратаванне былога ўдзельніка паўстання Кастуся Каліноўскага і мясцовай дзяўчынкі Джамілі, дык спектакль знішчае “прывід хэпі-энда”. Лялька-дзяўчынка не мае артысткі-“двайніка”, нават голас яе гучыць у запісе, дый сіні снег, што сыплецца на пасінелую ляльку ў канцы, сімвалізуе не столькі беларускую зіму, колькі сыход у вечнасць. Галоўны герой Пятро Ясюкевіч (лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Мікалай Сцешыц) у фінале расстаўляе вакол сябе зоркі-свечы, выклікаючы асацыяцыі з абрадам пахавання Кізгайлы ў фільме-оперы “Сівая легенда” (таксама паводле Караткевіча), і сыходзіць удалячынь, быццам знікае ў туманнасці. Перад намі застаецца толькі яго лялечнае ўвасабленне, падсвечанае і спраектаванае на экран такім чынам, быццам гэта труп, высахлая мумія (мастак Таццяна Нерсісян у чарговы раз здзіўляе майстэрствам, крэатыўнасцю, фантазійнасцю, памножанымі на трывалы прафесіяналізм і працаздольнасць). А замест “макетаў” прыгожых, крыху інсітна стылізаваных беларускіх краявідаў, змешчаных у скрынях для зброі, узнікае гарыста-камяністы пейзаж — штосьці “сярэдняе” паміж зелянінай і пясчанасцю.

На эфект “галюцынацый” скіраваны ўвесь адбор выразных сродкаў. Артыст не толькі распавядае ды кіруе лялькамі, але і... малюе на шкле пяском, ствараючы не столькі рэальныя карціны, колькі няўлоўна зменлівыя мроі. Успаміны пра радзіму “матэрыялізуюцца” ў згаданых “макетах са скрыняў”, чымсьці падобных да вялізных кніжак-панарамак. Жорсткай рэальнасцю паўстаюць хіба “прароцтвы” з ХІХ стагоддзя ў сталінскую эпоху: падлічваючы дні, герой малюе палачкі, у руках яго з’яўляюцца трашчоткі — як у ахоўнікаў канцлагераў і турмаў, а зроблены трашчоткі ў выглядзе грузавікоў, на якіх звозілі вязняў. Невыпадкова сінія цацачныя дрэўцы (чым не “горад-сад” паводле Маякоўскага?) прыкалочваюцца да адной з “чароўных скрыняў” (чым не скрыні Пандоры?) цвікамі.

Асобнай увагі заслугоўвае музычны складнік — мікст аўтарскага матэрыялу Аляксандра Літвіноўскага з фальклорнымі запісамі і іншымі ўкрапваннямі. Цытата беларускай народнай калыханкі “Спі, сыночак міленькі” ўзрастае да сімвалу мадоны-Багародзіцы. Фальклорная аўтэнтыка мужчынскага выканання “Крыжа цяжкога” асацыюецца з узыходжаннем на Галгофу. І прадыктавана ўсё гэта дыялектычнасцю асноўнай тэмы, дзе беларуская народна-песенная інтанацыйнасць спалучаецца з бахаўскім прынцыпам “ядра і разгортвання” — з быццам бы простага меладычнага зярнятка ўзрошчваецца касмічна бясконцая мелодыя (чым не караван у пустыні?) са зменлівай тэмбравай афарбоўкай, дзе па чарзе саліруюць этнічная флейта, скрыпка, цымбалы.

Пашырэнне нацыянальнай беларускай тэмы да агульначалавечай, амбівалентнасць вобразаў можна заўважыць і ў іншых дэталях. Тыя ж лялькі-гімназісты, пакараныя паўстанцы выраблены ў беларускіх традыцыях — без размаляваных твараў, выклікаючы праекцыі на “сціранне асоб” у часы таталітарызму і войнаў — усіх краін і эпох. А родны бусел, што кружыць над палеткамі, у пэўны момант пачынае нагадваць самалёт, што кружыць не з мірнымі мэтамі.

Спектакль яшчэ будзе “даспяваць”, удасканальвацца. Магчыма, дадасца недаробленая пакуль сцэна пясчанай буры, прыдуманая рэжысёрам не ў рэчышчы “адлюстравання рэчаіснасці”, а як працяг філасофскай сімволікі. Больш простым, стрымана “пясчаным”, трэба спадзявацца, стане вымаўленне тэкстаў, дзе пакуль многа залішняй узрушана эмацыйнай “сакавітасці”, разбаўленай “цукровым сіропам”. Але і ў “прэм’ерна-стрэсавым” выглядзе ён даносіць да гледача не “дыстылявана-рафінаваны”, а сэрцам выпакутаваны патрыятызм.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
№ 13 (1296) 01.04.2017 - 07.04.2017 г
Газета "Культура".