Нас таксама загналі пад зямлю. Наталля Сцепуценка пра спектакль “Сіняя-сіняя”

Вусны перасыхаюць ад смагі, калі глядзіш на сінявокую ляльку, падобную да шкілета. Здаецца, што жоўты пясок сапраўды гарачы, а навокал – толькі пустыня. Пачынаеш ужо звярэць ад гарачыні і смагі, як раптам чуеш дзіцячае:
– Піць…
Монаспектакль “Сіняя-сіняя” ў пастаноўцы Ігара Казакова па аднайменнаму апавяданню Уладзіміра Караткевіча называлі фаварытам яшчэ да пачатку фестывалю. Вядома, што пасля ашаламляльных “Гамлета” і “На дне” на пастаноўку галоўнага рэжысёра Магілёўскага тэатра лялек ускладваліся вялікія надзеі. І я схлушу, калі скажу, што гэтыя надзеі спраўдзіліся, бо яны не проста спраўдзіліся – спектакль пераўзыйшоў усе чаканні. Гісторыя любові да Радзімы ў выкананні Мікалая Сцешыца кранае да глыбіні душы.

25 ліпеня 1880 года. Былы ўдзельнік паўстання 1864 года Пятро Ясюкевіч па волі лёсу пакінуў Радзіму, а зараз разам з васьмігадовай дзяўчынкай Джаміляй памірае ў пустыні. Яго апошняе жаданне – выратаваць маленькую Джамілю ад рабства, куды яна хутчэй за ўсё трапіць, калі Пятро загіне. У сваім апошнім звароце ён моліць аб тым, каб дзіця выкупілі. Сям’я дзяўчынкі загінула.
Дзіўна, што адны берберы рэжуць другіх…
Хіба на яго радзіме не было таго самага?
І вось на пяску з’яўляюцца лічбы – 1864. Адкрываецца скрыня ўспамінаў, а ў ёй – косці загінуўшых. І Каліноўскі на віселіцы. Нібы ўбачыўшы яго думкі, дзяўчынка просіць расказаць аб роднай зямлі.
Спачатку неахвотна, а потым усё больш і больш Пятро адчыняе іншыя, дзівосныя скрыні сваёй памяці – і перад намі з’яўляюцца любыя сэрцу пейзажы: зялёная трава і дрэвы, белыя коні на лузе. А ў сінім-сінім небе – вясёлка і бусел. Удругой скрыні – яблыня з чырвонымі сакавітымі яблыкамі. У трэцяй – сенажаць.
Цяжка перадаць словамі пачуццё, якое ахоплівае гледача ў гэты момант. Калі чуеш тугу ў голасе і глядзіш на такое роднае, мілае, сваё… гэта так узрушвае, што слёзы коцяцца з вачэй – і спыніць іх немагчыма! Мікалай Сцешыц – сапраўдны чараўнік: яго голас кіруе эмоцыямі, у яго руках лялькі ажываюць і пясок малюе карціны. Вядома, вобразы-міражы дапамагае ствараць праектар, але гэтага не заўважаеш.
–Пэўна, там і ёсць рай Алаха. Чаму ж ты пайшоў адтуль, адхаліб? – пытае Джаміля.
– Мяне выгналі злыя ворагі.
Невядома адкуль на сцэне з’яўляецца пара чорных ботаў, якія топчуць родную зямлю, і пара цацачных машынак, у якіх лёгка можна было пазнаць “чорных варанкоў”. Відавочна, машынкі не з дзевятнаццатага стагоддзя. Гісторыя паўтараецца. Зноў гвалт, шыбеніцы, прыбіты народ. Брат паўстаў на брата, бацька – на сына…
Навошта мы звяртаемся да гісторыі? Да кніг, што распавядаюць пра падзеі мінулага? Чаму нас яны цікавяць?
У спектаклі ёсць адказ на гэта пытанне. Мы звяртаемся да гісторыі для таго, каб не паўтараць памылак нашых продкаў. Каб наша зямля заставалася казкай – пакуль яна казка, а не пустыня.

Наталля Сцепуценка, маладзёжны прэс-цэнтр форуму «М@rt.кантакт-2017».