Форум «М.аrt.кантакт-2017» пройдзе ў Магілёве з 21 па 27 сакавіка

Магілёўская моладзь у прадчуванні тэатральнага свята: форум «М.аrt.кантакт-2017» завітае ў горад і будзе панаваць у ім з 21 па 27 сакавіка. У яго праграме 22 спектаклі з 10 краін свету. Гэта значыць, што кожны тэатральны дзень на некалькіх магілёўскіх сцэнах будзе ісці па 3—5 пастановак.

Март-кантакт
Не менш насычаная і спецыяльная праграма форуму. У арт-фае драмтэатра маладыя фатографы пакажуць фотапраект «28». Штодня будуць праходзіць прэс-канферэнцыі, абмеркаванні тэатразнаўцамі прагледжаных спектакляў і нават у начны час свята працягнецца для ўсіх ахвотных у сценах пастаяннага партнёра форуму — клуба «КУБА».

Тэатралам-пачаткоўцам выпадзе ўнікальная магчымасць пабываць на майстар-класах у сапраўдных карыфеяў тэатральнага мастацтва.

На працягу форуму будзе працаваць «Майстэрня маладой рэжысуры». У яе рамках адбудзецца чытка п'есы Аляксея Макейчыка «Бзік», якая летась увайшла ў шорт-лісты адразу некалькіх прэстыжных конкурсаў — сучаснай беларускай драматургіі «WrіteBox-2016», маладой драматургіі «Любімаўка-2016», міжнароднага конкурсу драматургаў «Еўразія-2016». На тэатральную мову літаратурны твор пераклала рэжысёр Таццяна Ларына, вядомая па пастаноўках у тэатральна-культурным цэнтры імя Усевалада Меерхольда і Цэнтры сучаснай беларускай драматургіі. П'еса прагучыць у выкананні артыстаў магілёўскага абласнога драмтэатра і Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры БДАМ.

Падчас круглага стала «Актуальныя тэмы ў сучасным тэатры» будзе прэзентавана кніга Андрэя Масквіна «Беларускі тэатр 1920—1930-х: адабраная памяць». Аўтар — адзін з пастаянных удзельнікаў тэатральнага форуму ў Магілёве, аўтарытэтны эксперт, да меркавання якога заўсёды прыслухоўваюцца.

Нэлi Зігуля.
Газета "Звязда". 02.03.2017.
Фота: gorodmogilev.by