Табу or not табу? Крысціна Смольская пра спектакль «Гэта ўсё яна» РТБД.

У рамках форуму «M@rt.кантакт» нашы гледачы змогуць убачыць спектакль «Гэта ўсё яна» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.
Запрашаем 26 сакавіка, 19:00 у КЗ «МАГІЛЁЎ» (18+). Квіткі яшчэ ёсць у продажы!
А пакуль прапануем вашай увазе фрагмент артыкула Крысціны Смольскай пра спектакль «Гэта ўсё яна» РТБД, апублікаванага ў часопісе “Мастацтва”.

Табу or not табу?

Сёння наш тэатр рэдка кранае табуяваныя тэмы, часцей застаючыся пры «высокіх ісцінах». Таму спектакль «Гэта ўсё яна» і «Камера, якую дала мне маці» з пазначкай 18+, што з’явілася амаль адначасова, выклікаюць асаблівую цікавасць.

П’есу «Гэта ўсё яна» Андрэя Іванова, створаную ў 2012 годзе на драматургічнай лабараторыі і ўвасобленую на сцэнах Расіі, Украіны, Латвіі, Чэхіі, Уругвая, першы раз у Беларусі ставіў Аляксандр Марчанка – у Нацыянальным драматычным тэатры імя Якуба Коласа; для другой пастаноўкі – у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі – запрасілі польска-нямецкую рэжысёрку Моніку Дабраўлянскую. […]

… Па смерці мужа гераіня спектакля «Гэта ўсё яна» ў выкананні Людмілы Сідаркевіч спрабуе наладзіць дачыненні з сынам-падлеткам, сыграным Дзмітрыем Давідовічам. Хлопец траціць сувязь з рэальнасцю, ізалюецца ў віртуальнай прасторы і сваім унутраным свеце. Праблема непаразумення, якая існуе паміж маці і сынам-падлеткам, у пэўным сэнсе адлюстроўвае чалавечыя стасункі сучаснага свету. Каб хоць паразмаўляць з сынам, гераіня стварае старонку ў сацыяльнай сетцы пад імем дзяўчынкі Тофі. Чым больш героі збліжаюцца віртуальна, тым больш аддаляюцца ў рэальнасці. Маці бачыць, што сын упадабаў Тофі, а потым закахаўся ў яе, але не спыняецца. Тэма віртуальнага інцэсту паміж маці і сынам мае трагічны фінал. Маста- пастаноўшчык Андрэй Жыгур умоўным пункцірам выбудоўвае прастору кватэры, раздзеленай сцяной, што адпавядае сэнсаваму пасылу драматургічнага матэрыялу. Артысты суіснуюць у арганічным тандэме, відэа ў рэжыме анлайн узбуйняе нюансы і робіць ярчэйшымі фарбы. Спектакль, вядома, не дае ўніверсальных адказаў, але абвастрае тэму, вельмі актуальную для грамадства.

– Мы запрашалі псіхолага для кансультацыі – распавядае пра даследванне тэмы Моніка Дабраўлянская. – Аказалася, што ёсць шмат выпадкаў, калі бацькі ствараюць сабе профіль “Вконтакте” і правяраюць старонку дзіцяці, але, уведаўшы мяжу, неўзабаве спыняюцца. Для мяне пастаноўка ператварылася ў працэс назірання за псіхалогіяй персанажаў. З такой падачай канфлікту я не сутыкалася ні ў польскім, ні ў нямецкім тэатры. Я хачу зразумець, дзе мяжа паміж звычайнымі паводзінамі цяжкага падлетка і чымсьці больш страшным, калі ён ужо здольны выйсці на вуліцу забіваць людзей.

Крысціна Смольская.
Часопіс “Мастацтва”, студзень 2017.

Відэаролік можна паглядзець тут.