ЗАПАВЕТ САМАСТОЙНАСЦІ. «Скарына» Мікалая Рудкоўскага ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры.

Мікалай Рудкоўскі глядзіць на Скарыну адметна – пераплятае кантэксты сцэнічных падзей так, што ўсё сведчыць пра дзень сённяшні. Рэжысёр Саўлюс Варнас, выступаючы сааўтарам драматурга, вымагае глядацкіх зручнасцяў, таму звесткі пра тое, дзе і калі нарадзіўся, вучыўся, жаніўся ды заснаваў друкарню наш вялікі суайчыннік, набываюць энцыклапедычны кшталт. Для актуальнай пастаноўкі адмысловай несюжэтнай формы падрабязнасцяў занадта, але з тэмы здымаецца пафас, пры гэтым сур’ёз размовы з гледачом не губляецца. Ствараць кнігі – Скарынаў спосаб палепшыць свет. Герой у выкананні Івана Труса - малады, шчыра апантаны ідэяй кнігадрукавання, але такі рамантычна-ўзнёслы ды ідэальна-правільны, што месцамі выглядае нерэальным. У нашым стагоддзі падобны вобраз ужо састарэў і ягоная канцэпцыя не здавальняе. Але як паказаць Скарыну зямным і жывым? У пастаноўцы ён існуе нібыта па-за часам, таму і сцэнічную прастору мастачка Ірына Камісарава пакідае амаль пустой, хіба перыядычна з’яўляецца белая канструкцыя і абыгрываецца ў залежнасці ад дзеяння; праз відэапраекцыю ўзнікаюць скарынаўскія гравюры, узбуйняюцца сімвалы, палаюць у вогнішчы кнігі… Падзеі спектакля ахопліваюць і рэфармацыю Марціна Лютэра, і вайну Маскоўскага княства з Вялікім Княствам Літоўскім, але ў цэнтры ўвагі застаюцца ідэі першадрукара. Выяўляецца, што яны да сёння не страцілі важнасці. Рэфлексія аб Францыску Скарыну перакідаецца рэфлексіяй аб сучасным свеце.
Брат. Куды? Навошта? Расколаты свет. І як у ім жыць? Як далей жыць? Ты ў нас адукаваны. Скажы, гэта кара нябесная? Можа, тымі, хто не разумее, не ведае граматы, співаецца, лягчэй кіраваць?
Доктар. Я хачу, каб людзі чыталі і самі думалі, разважалі, нават спрачаліся, адрознівалі дабро ад зла, уласную ісціну ад чужога меркавання. І ніхто не наважыцца падпарадкаваць іх сваёй волі…
Стваральнікі пускаюць гледачоў у свабоднае плаванне па скарынаўскім жыцці, ідэях, марах, не навязваюць бачанне падзей, хутчэй запрашаюць да дыялогу: перад пачаткам спектакля ў фае дэманструецца відэа – апытанка жыхароў Магілёва. Калі глядзіш твор пра Скарыну, трэба быць гатовым да таго, што і Скарына можа паглядзець на цябе… Сталы Францыск у выкананні Аляксандра Палкіна гадуе сына, рэфлексуе, але гэтаксама апантана марыць пра выданне кніг. Сустрэча з душамі Маргарыты (Юлія Ладзік выяўляла ягоную музу ў белым строі і пуантах), Брата (Уладзімір Пятровіч), Юрыя Адверніка (Дзмітрый Дудкевіч) і Якуба Бабіча (Аляксандр Куляшоў) канчаткова сцірае з першадрукара «забранзавеласць», ён перакідаецца чуйным жывым чалавекам з каханнем, болем, злосцю, літасцю. Паводле стваральнікаў спектакля, Скарына ўступіў у таемнае братэрства, якое дапамагло яму з кнігадрукаваннем (прысвячэнне ў сябры адбываецца з удзелам сапраўднага пітона), а потым – дзеля працягу друкарскай справы – запатрабавала жыццё сына. Першадрукар абраў жыццё…
Галоўнае ў пастаноўцы, вядома, не чарговая версія жыцця Скарыны, а выказванне аўтараў, што заклікаюць нас чытаць і жыць сваім адумам – як Маргарыта: «Цяпер я разумею сэнс словаў, сэнс тэксту, сэнс пісання… Я часта думаю ды разважаю… Як смешна гучыць: я думаю… Цяпер я магу думаць сама. Не маці, не муж, не спавядальнік думаюць за мяне, а я, я, я! Толькі я сама…» Разважаць самастойна, не зважаючы на маніпуляцыі свету, - мо так і выпадае ўзбіцца на шлях да шчасця, які запавёў нам Францыск Скарына?


Крысціна Смольская.

Юлія Ладзік (Маргарыта), Аляксандр Палкін (Скарына).
Фота Аліны Бераснёвай.

МАСТАЦТВА. Лістапад 2016