Паказы па-за фестывалямі. Магілёўскія гастролі ў Мінску.

У Магілёўскім абласным драматычным тэатры – падзея за падзеяй: прэм’еры, фестывальныя паказы, абменныя гастролі ў сталіцы. Абмяркуем нядаўні прыезд?
Але найперш – больш падрабязны пералік здзейсненага за пачатак гэтага сезона. Так, днямі адбылася “падзея падзей” – прэм’ера спектакля “Скарына” Мікалая Рудкоўскага. Месяц таму быў пастаўлены “Смех у цемры” паводле рамана “Камера абскура” Уладзіміра Набокава. Амаль адначасова з гэтым у сталічным Доме афіцэраў паказвалася “Крэйцарава саната” паводле Льва Талстога – у рамках Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва “ТэАРТ” (дададзім, што ўсе згаданыя пастаноўкі ажыццёўлены галоўным рэжысёрам тэатра Саўлюсам Варнасам). А 5 лістапада магіляўчане здзейснілі яшчэ адзін візіт у сталіцу – з двума гастрольнымі спектаклямі ў парадку творчага абмену з Тэатрам Беларускай Арміі, які прыязджаў да іх у верасні. Звернем увагу, што абодва спектаклі былі “не ад Варнаса”. І “не ад Пятровіча”, бо яго “Час сэканд хэнд” паводле нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч неаднаразова ішоў у сталіцы, у тым ліку ў складзе фестывальнай праграмы. Тым больш цікава было паглядзець, чым жыве тэатр “па-за фестывалямі”.
Дзіцячыя казкі звычайна адразу ставяцца з прыцэлам на выязныя паказы. Часцей за ўсё менавіта ў такіх спектаклях, разлічаных на неспрактыкаваную публіку, найбольш ярка выяўляецца ўвесь набор тэтральных праблем. “Шматкі па закавулачках”, якія паставіў таленавіты артыст тэатра Васіль Галец, вабяць ужо самім тэкстам Рыгора Остэра, яскрава прапісанымі характарамі казачных герояў, спраектаванымі на тыповыя сітуацыі чалавечых адносін. У пастаноўцы была зроблена цікавая спроба пераасэнсаваць некаторых персанажаў. Замест традыцыйнага Ваўка мы ўбачылі Ваўчыцу, Пеўнік паўстаў... спартсменам, знаўцам кітайскіх адзінаборстваў. Каб зрабіць са спектакля “цукерачку”, патрабавалася не так многа – крыху працягнуць гэтую думку, давесці яе да ладу, прычым ва ўсіх дэталях: у пластыцы, манеры гаварыць. І найперш у сцэнічных строях! Дзіцячую ўвагу трэба скіроўваць не на “вушы ды хвасты”, а на самі вобразы жывёл – правобразы чалавечых тыпажоў. І яшчэ – касцюмы ў дзіцячых спектаклях павінны быць не проста яркімі, але і моднымі, абавязкова стыльнымі, бо праз гэта выхоўваецца мастацкі густ. Той жа хвост, калі ён так патрэбны (ну, у тэксце пра яго гаворыцца – дык што з таго?), Ліса (адна з лепшых артыстак тэатра Алена Крыванос) магла б закідваць праз плячо, бы шалік. Ваўчыца (Людміла Гурына), каб у яе не было ні шаліка, ні хваста, што асацыюецца з гальштукам, магла б стаць тыповай дачніцай-пенсіянеркай. Мядзведзь (Даніла Самкнулаў) – байкерам, на што намякаюць ягоныя скураныя пальчаткі. Бык (Аляксандр Палішчук), цяперашні старадаўні іспанскі касцюм якога дзецям ні пра што не гаворыць, – гэткім мульцяшным Чорным Плашчом, які ганарліва “спяшаецца на дапамогу”, ды аказваецца насамрэч баязліўцам. Ну, а Пеўнік (Аляксей Цыбін) у такім кантэксце – трэнерам. Пры падобным раскладзе спектакль “чытаўся” б не толькі смешнай казкай, але і своеасаблівай падказкай, хто дапаможа хлопчыку-Зайчыку (Аляксандр Мацюшка) у цяжкую хвіліну – і не адно “мышачнай масай”, а найперш вытрымкай і розумам.
Спектакль “Браты і Ліза (сны пра каханне)” паставіў Віталь Краўчанка, які да сваёй акцёрскай практыкі далучыў рэжысёрскі дыплом, скончыўшы Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў у майстэрні Мікалая Пінігіна. Мастак Ірына Камісарава стварыла адметную сцэнічную прастору, што асацыюецца не столькі з жытлом, колькі з клеткай, падзеленай на асобныя зоны і паверхі. Ці ёсць з яе выйсце? Гэтае пытанне, не агучваючыся наўпрост, лунае дзесьці ў паветры – і не атрымлівае адназначнага адказу. Самая, бадай, загадкавая п’еса сучаснага расійскага драматурга Аляксея Казанцава так і застаецца да канца не разгаданай: гэтую функцыю ўскладаюць на гледачоў, кожны з якіх вольны сам “праектаваць” убачанае на сваё ўспрыняцце.
Лізу іграюць дзве артысткі: Марыя Рудакова і Ганна Кушнер. Тым самым рэжысёр праводзіць мяжу між дзяўчынкай, што мокла пад дажджом, і заможнай аўстралійкай, якой тая стала. Стала насамрэч – ці толькі ў думках? Бо ранейшая Ліза назірае за ўсім гэтым, застаючыся па той бок кратаў. Яшчэ больш кантраснымі становяцца “пераключэнні” Сімона (Мікалай Раманоўскі). Ён паўстае штораз у новых абліччах – не толькі знешніх, пераапранаючыся ў матчына адзенне, але і ўнутраных, быццам дэманструючы два бакі аднаго медаля: перад намі то хворы на галаву чалавек – то быццам у цвярозым розуме, то добры, клапатлівы – то хітры, цынічна жорсткі. Не менш складаны характар мастака, які прапівае свой талент, увасабляе Руслан Кушнер. Спектакль вабіць менавіта акцёрскімі працамі, за якімі, зразумела, адчуваецца рука рэжысёра.
Дарэчы, на наступным тыдні магіляўчане зноў будуць у Мінску – у рамках Нацыянальнай тэатральнай прэміі на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы пройдзе “Крэйцарава саната”. Не прапусціце!

Надзея Бунцэвіч. Газета “Культура” №47. 19 лістапада 2016 г.
Сцэна са спектакля “Браты і Ліза”./ Фота прадастаўлена тэатрам.