Размовы ахвяр: прэм’ера “Часу second hand” у Магілёве

Магілёў, безумоўна, пазіцыянуе сябе тэатральным горадам. Абодва гарадскія тэатры паспяхова канкуруюць са сталічнымі на Нацыянальнай прэміі, у той жа час на альтэрнатыўных фестывалях таксама прысутнічаюць магілёўскія трупы. Гарадскія ўлады спрыяюць фестывалю “Март-кантакт”, на які кожную вясну з’язджаюцца ўсе знаныя беларускія крытыкі. Тэатр увесь час робіцца ньюсмэйкерам рэспубліканскага ўзроўню, прызначаючы на пасаду то самага маладога мастацкага кіраўніка (Кацярыну Аверкаву), то мастацкага кіраўніка-літоўца (Саўлюса Варнаса, які сёлета ўзяў Нацпрэмію ў намінацыі “Рэжысура”).
a

Не было сумневаў, што цікавай інфармацыйнай падзеяй зробіцца пастаноўка рэжысёрам Уладзімірам Пятровічам спектакля паводле тэксту Святланы Алексіевіч “Час second-hand”.

У спектаклі выкарыстаныя два раздзелы з кнігі Алексіевіч (“Сын” і “Пра жаданне іх усіх забіць, а потым пра страх, што табе гэтага хацелася”), і рэжысёр збіраецца працаваць над спектаклем далей.

У аснове тэксту Алексіевіч ляжыць яе размова з героямі, але гэта не дыялог, а маналог з вялікай колькасцю рэмарак, уласных заўваг і разважанняў аўтара, што робіць тэкст прыдатным для тэатралізацыі. Алексіевіч важна захаваць паўзы, перадаць інтанацыю. Гэта не кніга прамоваў, публіцыстычных выказванняў, а хутчэй развагі: мы бачым, як нараджаецца ў героя думка і эмоцыя, як цяжка даюцца некаторыя фармулёўкі. Тэкст Алексіевіч мусіць правакаваць на развагі ў адказ. То бок сама тэма настолькі вострая і правакацыйная, што будзе нядзіўна, калі яна выкліча абурэнне, рэзкае непрыняцце, але форма тэксту ў нейкай ступені згладжвае вастрыню. Таму, на маю думку, “Час second-hand”, па сутнасці, не ёсць антыкамуністычнай агіткай, хоць і ўтрымлівае вельмі шмат, напрыклад, антысталінскай рыторыкі.

Вядома, наіўна патрабаваць, каб задума аўтара, рэалізаваная ў шматлікіх размовах і інтэрв’ю, была цалкам перададзеная ў тэатральным спектаклі, які доўжыцца паўтары гадзіны. Але ўрыўкі тэксту нейкім чынам складаюцца і мантуюцца між сабой і выяўляюць нейкія ўнутраныя рыфмы, якія, мажліва, аўтарам і не планаваліся. Дзве прадстаўленыя часткі, напрыклад, актуалізуюць тэму ахвяры. “Мы выраслі паміж ахвяраў… паміж гэтых размоваў”, — пачынае першы герой у выкананні самога рэжысёра Уладзіміра Пятровіча, які расказвае пра свой досвед размовы з катам НКВД. “Быць ахвярай… Проста сорамна. Я не хачу, каб на мне было гэтае кляймо”, — кажа Ксенія, гераіня Ірыны Дунчанка, пацярпелая ад тэракту ў маскоўскім метро.

a

Падзел на катаў і ахвяр быццам разбурае магчымасць камунікацыі. Немагчыма дараваць, немагчыма нават пачаць размову. Героі засяроджваюцца на сабе, а іх спробы выйсці і паспрабаваць зразумець некага па іншы бок “барыкады” аказваюцца марнымі. Герой Пятровіча збягае за мяжу, маці і дачка з другой часткі застаюцца са сваёй трагедыяй сам-насам нават на перапоўненай гасцямі і сябрамі кухні (“з вялікімі ад жудасці вачыма”).

Будзем лічыць, што гэтая “ахвярная рыфма” — мая асабістая заўвага і нагода для роздумаў. Наўрад ці аўтары імкнуліся раскрыць менавіта гэтую тэму. Але ў гэтым шматслоўным спектаклі, здаецца, для кожнага знойдзецца нешта важнае і важкае для роздуму і для спрэчкі… Мажліва, з аўтаркай кнігі, ці аўтарамі спектакля, ці нават з самім сабой.

Агульная тэндэнцыя ў выяўленні дакументальнага тэксту на сцэне — імкненне да мінімалізму. Уладзімір Пятровіч адыходзіць ад гэтага трэнду, прыдумляючы досыць выразнае афармленне. Тут і магнітныя касеты, якія могуць сімвалізаваць размовы, і мабільнікі, увогуле аб’екты для любых дзеянняў з рэчамі ў спектаклі. Магнітная касета, некалі папулярны носьбіт інфармацыі, які спрычыніўся да музыкі, журналістыкі і нават камп’ютараў, — увогуле моцны сімвал 90-х, пра якія ў асноўным вядзецца размова ў кнізе. Сёння магнітныя касеты не каштуюць нічога і бескарыснымі грудамі валяюцца па дамах, як і нашыя думкі і ўспаміны. Выносячы гэтую касету, сакралізуючы яе, аўтары быццам заклікаюць беражлівей ставіцца да сваёй памяці.

Эфектна працуе праектар з экранам з некалькіх слаёў нацягнутай цэлафанавай плёнкі, якая ў канцы разрываецца, злучае наноў сям’ю, якую відавочна падзяліў злавесны тэракт.

Тым не менш сцэнічнае афармленне падаецца не самай вялікай вартасцю спектакля, і аматары прыгожай тэатральнай дзеі будуць расчараваныя. Галоўным для спектакля застаецца тэкст Алексіевіч. Акцёры на сцэне прагаворваюць яго, пражываюць і перажываюць. Адразу бачна, як словы герояў знаходзяць водгук у душах выканаўцаў. І Уладзімір Пятровіч, і Ірына Дунчанка, і Алена Дудзіч, якая выконвае ролю маці гераіні другой часткі, граюць эмацыйна, ярка, адчайна. Маленькая гісторыя праз павелічальнае шкло тэатра выглядае вялікай трагедыяй. У гэтым бачыцца мэта і тэма спектакля.

a

І тут вельмі важным складнікам робіцца глядач. У рэпертуары тэатра прысутнічаюць складаныя дакументальныя тэксты. Кажуць, што ў горадзе добра прадаюцца квіткі на спектакль “Норд-Ост”, нямецкую дакументальную п’есу пра тэракт на аднайменным мюзікле ў Маскве, і прэм’ерныя паказы “Часу second-hand” таксама праходзяць пры аншлагах. Цікава было назіраць, як на спектакль прыйшла шараговая, нефестывальная публіка.

Адміністрацыя тэатра папярэджвае пра магчымасць сысці ў антракце, але на тым спектаклі, што бачыў я, ёю скарысталіся адзінкі. Пры тым, што адчуваецца напружанне, у гледачоў ёсць разуменне, што яны бачаць не звычайны спектакль, таму яны спрабуюць знайсці ў ім нешта сваё, зразумелае, гісторыю, героя, падзею. Прынамсі такія высновы я раблю, падслухаўшы размовы ў антракце.

Цікава, што нішто не абавязвае рэжысёраў і адміністрацыю тэатра трымаць такі спектакль у рэпертуары. Нішто, акрамя актыўнай грамадскай пазіцыі, жадання рабіць сваёй акцёрскай, рэжысёрскай справай нешта важнае, адгукацца на патрабаванні часу. Кніга, якая рабілася ў мірны час, раптам гучыць сёння з асаблівай вастрынёй. І, напэўна, дапаможа разабрацца з тым, што адбываецца, таму, хто мае такі намер.

Аляксей Стрэльнікаў, фота Юліі Пеплер
budzma.by